Распачаліся святочныя мерапрыемствы традыцыйным мітынгам у скверы Памяці. У тэатралізаванай пастаноўцы работнікі культуры нагадалі прысутным тыя эмоцыі і пачуцці, якія прасякалі людскія жыцці ў жахлівыя дні вайны. Чаканне з фронту і замест вяртання дарагога чалавека — сціплыя радкі “пахаронкі”, якую прынёс паштальён, смутак, журба, а потым радасць Перамогі са слязьмі на вачах — усё гэта ўвасобіла кароткая драматычная замалёўка. Пра важнасць памяці аб вайне і Перамозе гаварылі на мітынгу старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Анатоль Ігнатовіч і студэнтка Ваўкавыскага каледжа Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы Яна Кур’яновіч. Сваё захапленне стаўленнем і павагай да ветэранаў і памяці аб вайне ў Беларусі і Ваўкавыску выказаў госць з Грузіі, доктар эканамічных навук, прафесар Мурман Кварацхелія. Па традыцыі ветэраны і ганаровыя госці свята павязалі піянерскія гальштукі і ўручылі членскія білеты БРСМ юнакам і дзяўчынам, якія днямі ўступілі ў шэрагі гэтых грамадскіх аб’яднанняў.
Пасля ўскладання вянкоў і кветак да мемарыялаў у скверы Памяці і скверы Воінаў-інтэрнацыяналістаў святочнае шэсце рушыла да плошчы імя Леніна. У калоне, акрамя ветэранаў на рэтра-аўтамабілях, прадстаўнікоў улады, грамадскасці, працоўных калектываў і моладзі, ішлі людзі з партрэтамі сваіх родных або знаёмых удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны — гэта была акцыя “Беларусь памятае”, ініцыяваная Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі.
На плошчы імя Леніна, дзе і праходзяць галоўныя святочныя мерапрыемствы, пачэсныя месцы аддадзены, вядома ж, ветэранам.
Іх і ўсіх жыхароў і гасцей Ваўкавыска павіншаваў са святам, адкрываючы праграму святкавання, старшыня раённага Савета дэпутатаў Віталь Навіцкі.
Прадоўжыліся мерапрыемствы выступленнямі народнага хору ветэранаў вайны і працы “Натхненне” Ваўкавыскага ГДК і кавер-групы “Вольны стыль”.
Па вуліцах горада прайшла прысвечаная Дню Перамогі і 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў лёгкаатлетычная эстафета, свае прызы ўдзельнікам якой заснавала і рэдакцыя раённай газеты “Наш час”.
Да 9 гадзін вечара на плошчы імя Леніна працягваецца праца гандлёвых кропак, забаўляльных пляцовак, атракцыёнаў, выставаў работ народных майстроў, рэтра- і спецыяльных аўтамабіляў, “палявой пошты”.
Таксама байкеры Ваўкавыска ўшанавалі памяць загінуўшых у баях за горад і ўсклалі кветкі ў скверы ля Вечнага агню, мемарыяльным комплексе Парахаўня і наведалі помнік-танк на вуліцы Перамогі.
З 18 гадзін жыхароў і гасцей Ваўкавыска чакае выступленне ансамбля “Рада” з Гродна і артыстаў Ваўкавыскага гарадскога Дома культуры. А завершыцца святкаванне а 21-й акцыяй “Спяём “Дзень Перамогі” разам!”. Яшчэ раз са святам, Ваўкавыск!
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.