Благадатны агонь ад Гроба Гасподняга прыбыў у Ваўкавыск у рамках штогадовай экспедыцыі «Дарога да святыняў» - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Пятница, 30 Августа 2019 19:54

Благадатны агонь ад Гроба Гасподняга прыбыў у Ваўкавыск у рамках штогадовай экспедыцыі «Дарога да святыняў»

Штогод да Дня беларускага пісьменства паломнікі, у ліку якіх святары, пісьменнікі, музыкі, навукоўцы і артысты, прыязджаюць у гарады Беларусі, каб сустрэцца з іх жыхарамі, наведаць дзіцячыя дамы і бальніцы. 

26-ы раз удзельнікі экспедыцыі пранясуць Благадатны агонь ад Гроба Гасподняга і Загор'е-Сталовічскі абраз Божай Маці па дзесяці населеных пунктах краіны. 

Пяцідзённая навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў» стартавала ў сталіцы 28 жніўня ад сцен Свята-Духава кафедральнага сабора, і ўжо сёння ваўкавычане сустракаюць гасцей на сваёй зямлі. Іх сімвалічна вітаюць на мяжы Зэльвенскага і Ваўкавыскага раёнаў. Тут і цеплыя абдымкі, і прывітальны каравай, і мноства пажаданняў.

Пасля шчырага прывітання госці накіраваліся ў Ваўкавыск, дзе пакінулі след аб сваім падарожжы: каля храма святых роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла, вучыцеляў Славенскіх адбылася пасадка Сада Малітвы. Удзельнікі экспедыцыі пабывалі ў многіх гарадах, і жыхары кожнага з іх передалі капсулы з свянцонай зямлей. Потым гэтую зямельку перамяшалі і падсыпалі пад кожнае дрэўца. І гэты Сад Малітвы стаў па-сапраўднаму цэнтрам духоўнага яднання ўсёй Беларусі. “Мы спім, а дрэвы моляцца”, — тлумачыць удзельніца экспедыцыі. Па традыцыі, такія сады з’яўляюцца ля ўсіх храмаў, куды прыносяць Непагасную Лампаду ад Гроба Гасподняга.

Заўтра паломнікі сустрэнуцца з жыхарамі Краснасельскага і Росі. А ўвесь маршрут, працягласцю каля 980 кіламетраў, будзе скончаны заўтра ў Слоніме — сталіцы Дня беларускага пісьменства.

Удзельнікаў 26-й міжнароднай духоўна-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў” і вернікаў Ваўкавыска аб’яднаў і хрэсны ход, якім у агульнай малітве яны прайшлі ад Свята-Петра-Паўлаўскага сабора да пляцоўцы па вуліцы К. Маркса.

Тут усіх вітаў старшыня Ваўкавыскагаі Савета дэпутатаў Віталь Станіслававіч Навіцкі.

Аб мэтах экспедыцыі расказаў яе кіраўнік, галоўны захавальнік цудатворнай Загор’е-Сталавіцкай іконы Пакрову Прасвятой Багародзіцы на маршруце, навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Мікалаевіч Лапата-Загорскі.

Гісторыю знаходжання іконы і яе шляху “у народ” распавядала ініцыятар заснавання Дня беларускага пісьменства, пісьменніца, кіраўнік 21 Экспедыцыі, пастаянная захавальніца цудатворнай іконы Ніна Загорская.

З прывітальным словам звярнуліся да веруючых Ваўкавыска пісьменнік, член Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, намеснік Старшыні Беларускага фонду культуры Анатоль Іванавіч Бутэвіч (Максім Валошка) і сербскі пісьменнік, перакладчык Ранка Войкавіч.

Благачынны Ваўкавыскіх храмаў, настаяцель прыхода святых роўнаапостальных Мефодыя і Кірыла іерэй Аляксандр Юзва пажадаў экспедыцыі лёгкіх дарог.

Свае вершы са сцэны чытаў мясцовы паэт і кампазітар Вячаслаў Мікалаевіч Макуць.

Пасля гэтага хрэсны ход вярнуўся зноў у сабор Па заканчэнні шчырай малітвы людзі прымалі Святы Агонь ад Гроба Гасподняга.

Познім вечарам удзельнікі экспедыцыі правялі ў гарадскім Доме культуры духоўна-асветніцкую сустрэчу з жыхарамі Ваўкавыска.

 За сваю гісторыю 397 удзельнікаў экспедыцыі прайшлі больш за 33 тысячы кіламетраў. А ў гэты год да добрай традыцыі далучыліся 35 чалавек з розных куткоў краіны.

 

 

 

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 1640 раз Печать