Вячка Целеш: з любоўю да роднага краю - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Пятница, 04 Сентября 2015 00:00

Вячка Целеш: з любоўю да роднага краю

Вадим Марчик

Мастак, гісторык, пісьменнік, педагог, філакартыст, мастацтвазнаўца, грамадскі дзеяч Вячка Целеш нарадзіўся ў гарадскім пасёлку Краснасельскі. Тут прайшлі яго дзіцячыя і юнацкія гады, тут створаны яго першыя карціны.

Творы Целеша знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, іншых музеях Беларусі, замежных дзяржаўных і прыватных зборах. З 1958 года Вячка Целеш жыве ў Латвіі. Тут ён скончыў Акадэмію мастацтваў і атрымаў вышэйшую ўзнагароду гэтай краіны — Ордэн Трох Зорак. Наш выбітны зямляк стаў першым дырэктарам беларускай школы ў Рызе, старшынёй аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар», намеснікам старшыні латвійскага таварыства беларускай культуры «Світанак», кіраўніком беларускай дзіцячай мастацкай студыі «Вясёлка», а таксама членам саюза мастакоў Беларусі і Латвіі.

Давайце пагартаем старонкі вашай біяграфіі. Раскажыце нашым чытачам пра сябе…

— Правiльней будзе сказаць, што я нарадзіўся ў вёсцы Краснае Сяло, бо з’явіўся на свет у 1938 годзе. Скончыў 9 класаў краснасельскай школы. Працаваў мастаком-афарміцелем у роскiм Доме афіцэраў, быў рабочым дарожнай брыгады на цэментным заводзе «Перамога», слесарам на прадпрыемстве «Рыжцэмрамонт» у латышскiм пасёлку Броцэны. Потым вярнуўся на Радзiму і год працаваў мастаком-афарміцелем у будаўнічай арганізацыі УНР-55 горада Ваўкавыска, якая рабіла рэканструкцыю цэмзавода і вяла забудову пасёлка Краснасельскi. У выхадныя дні я наведваў мастацкую студыю раённага Дома культуры, якой кіраваў мастак Уладзімір Падабед. Напрыканцы 1960 года зноў з’ехаў у Латвію на былое месца працы. Затым служыў у войску ў Вільні, дзе пры гарнізонным Доме афіцэраў скончыў сярэднюю школу, а таксама наведваў мастацкую студыю палаца чыгуначнікаў. Пасля службы вярнуўся ў Латвію і з таго часу жыву ў Рызе.

Скончыў педагагічнае аддзяленне Латвійскай акадэміі мастацтваў імя Тэадора Залькална і працаваў мастаком-афарміцелем. У 1989 годзе ў Рызе арганізаваў Беларускую мастацкую студыю «Вясёлка», якая існавала да 2009 года. У 1991 годзе арганізаваў і ўзначаліў Беларускую нядзельную школу. Праз два гады стварыў падрыхтоўчы клас, з якога ў 1994 годзе была адкрыта дзяржаўная Рыжская Беларуская асноўная школа. Да 2000 года я быў яе першым дырэктарам. З 2003 года працую кіраўніком мастацкай студыі «Нордэка» пры 71-й Рыжскай сярэдняй школе, а з 2007 года ящэ i дацэнтам на кафедры культуры і мастацтва Інстытута менеджмента інфармацыйных сістэм.

Жыву з цяперашняй маёй жонкай Інгрыдай. Ад першай жонкі Зінавеі — двое дзяцей: сын Алег i дачка Ала. У Алега ёсць сын Вячаслаў — мой унук. Ала памерла 10 гадоў таму, засталася яе дачка Аліна — мая ўнучка. Яна скончыла Рыжскую Беларускую асноўную школу імя Янкі Купалы, у якой цяпер вучыцца мой унук Вячаслаў Алегавіч Целеш.

— Мастак, гісторык, пісьменнік, філакартыст, мастацтвазнаўца, грамадскі дзеяч, выкладчык: якое амплуа вам бліжэй?

— Бліжэй усяго адчуваю сябе мастаком, гэта мой жыццёвы шлях з дзяцінства. Педагогіка прыйшла з заканчэннем акадэміі і атрыманнем дыплома мастака-педагога. А вось гісторыю можна назваць маiм захапленнем, якое прыйшло з калекцыяніраваннем паштовак, спачатку з рэпрадукцыямі твораў мастацтва, а потым старых паштовак. Пісьменнікам сябе я не лічу, тут павінен быць талент, як і ў мастака. Я магу сябе назваць даследчыкам гісторыі. Люблю сядзець у архівах і гартаць дакументы сто-трохсот і больш гадовай даўнасці, якія нясуць цікавую інфармацыю, а потым дзяліцца ёю з іншымі.

— Як вы лічыце, ці неабходна прафесійная мастацкая адукацыя для таго, каб дасягнуць значных творчых вынікаў?

— Каб стаць мастаком-прафесіяналам і ўдзельнічаць у міжнародных конкурсных выставах, патрэбна  добра авалодаць законамі малюнка і жывапісу ў настаўнікаў, пастаянна і шмат працаваць. Таму лепей мець вышэйшую мастацкую адукацыю, каб вынікі тваёй працы змаглі ацаніць не толькі простыя гледачы на выставе, а таксама мастацтвазнаўцы і мастакі. Прафесійная адукацыя не абазязкова, калі асвоіць законы мастацтва ў вучылішчы ці ў студыі ў добрага педагога, ды пастаянна шмат працаваць. 

Раскажыце аб распарадку вашага дня. Цi шмат часу есць для творчасцi?

— Да 1993 года ў мяне была свая майстэрня, якую я пабудаваў на гарышчы пяціпавярховага дома ў цэнтры Рыгі. Я тады займаўся жывапісам і графікай кожны дзень. Калі былым гаспадарам дамоў Рыгі пачалі вяртаць іх маёмасць, якую савецкая ўлада адабрала ад іх, мне, як і многім жыхарам таго дома, прыйшлося пакінуць памяшканне майстэрні.

Застаўшыся без месца для творчай працы, я стаў аддаваць больш вольнага часу грамадскай дзейнасці. Мастацтвам займаўся толькі летам. Калі ехаў у санаторый «Тэрветэ», браў з сабой фарбы і там пісаў прыроду наваколля. У той час я працаваў мастаком-афарміцелем у адной з рыжскiх будаўнічых фірм, дзе меўся вялікі склеп. Менавіта гэтае памяшканне фірма мне часова аддала пад майстэрню. Аднак, у 2012 годзе мне прышлося развітацца з фірмай і з іх майстэрняй-склепам.

Яшчэ з 2007 года я пачаў працаваць дацэнтам-выкладчыкам малюнка і жывапісу на кафедры культуры і мастацтва ў Інстытуце менеджмента iнфармацыйных сістэм. Таму для творчасці стала зусім мала часу, але я застаюся мастаком: летам у «Тэрветэ» пішу пейзажы, дома — не кожны дзень, але малюю нацюрморты і працую з графікай.

— Якую са сваіх работ вы лічыце найбольш удалай? Ці плануюцца новыя выставы ў бліжэйшы час?

— Мне цяжка сказаць, якая з маіх работ найбольш удалая. Проста некаторыя з iх не зроблены да канца так, як я адчуваю, і мне хочацца над імі яшчэ працаваць. Але тут патрэбна ў час спыніцца. Калі я нейкую сваю карціну даўно не бачыў па прычыне яе знаходжання ў зборы музея ці ў нейкім прыватным зборы, праз пэўны час яна мне больш падабаецца, чым тады, калі яе намаляваў.

У 1975 годзе я скончыў Латвійскую акадэмію мастацтваў, і селета роўна 40 гадоў маёй творчай працы. Цяпер рыхтуюся да юбілейнай персанальнай выставы, якая павінна адкрыцца ў Рызе ў канцы года.

—Вы нарадзіліся яшчэ да пачатку вайны.  Бачылі яе на свае вочы, няхай і ў дзіцячым узросце. Якiя падзеi адклаліся ў вашай памяці з таго страшнага кровапралітнага часу?

— Так, я  краснаселец пакалення даваеннага польскага часу. Некаторыя моманты нямецкай акупацыі і вайны я запамятаў не гледзячы на тое, што быў малы. Успамінаецца мне жудасная расправа нямецкіх фашыстаў над трыма рабочымі нашага цэментнага завода ў 1943 годзе. Іх павесілі на тэрыторыі завода за тое, што была ўзарвана турбіная машына, дзе яны працавалі. Тады работнікаў прадпрыемства і людзей з вёскі Краснае Сяло сагналі на тэрыторыю завода непадалёку ад прахадной, каб бачылі, як караюць тых, хто робіць шкоду нямецкаму рэжыму. Мы — дзеці, стаялі ля прахадной і хоць за натоўпам людзей нічога не бачылі, але адчувалі жудаснаcць самой падзеі. Мне тады было 5 гадоў. Яшчэ запамятаўся доўгі немяц, які ездзіў на ровары па вёсцы, і калі ён праязджаў, то ўсе дзеці павiнны былі здымаць шапку. Калі хто не павiнаваўся, ён мог гумавай нагайкай пабіць. Адзін раз ён зайшоў да нас у хату і ў маці забраў усе яйкі, што куры за тыдзень наняслі. Гаварыць па-руску не умеў, але словы “матко яйко, яйко”, вывучыў. Калі ў 1944 годзе савецкія войскі наступалі, запамяталася, як на матацыклах уцякалі з вёскі немцы, а таксама страшэнны гул і разрывы снарадаў, што падалі непадалёку ад нашай хаты. Адзін са снарадаў упаў на двор Ігналя Целеша, майго бацькі брата, побач з хатай Яся Парфенчыка, дык хаты не пашкодзіла, але ўсе шыбы павыляталі.

Вы пераехалі ў Рыгу больш за 50 гадоў таму. Што вас падштурхнула да «перадыслакацыi» ў іншую краіну? Раскажыце, як вам жывецца ў Латвіі і якое стаўленне там да беларускага народа?

— У Латвію ад’ехаў, каб атрымаць нармальную працу. Я, скончыўшы краснасельскую сямігодку, атрымаў спецыяльнасць слесара. Аднак працаваць iм у брыгадзе не мог, бо не было месца.

А тут якраз з Літвы прыехаў мой аднакласнік Юльян Целеш. Ён i прапанаваў ехаць ў Рыгу, дзе мяне адразу прынялі на працу слесарам на ўчастак пасёлка Броцэны.

З таго моманту я звязаў сваё жыцце з Латвіяй і цяпер аб гэтым не шкадую. Тут нарадзіліся мае дзеці і ўнукі. Тут я атрымаў спецыяльнасць мастака, аб чым марыў з дзяцінства. Я сам авалодаў латышскай мовай, і гэта дапамагло мне скончыць Латвійскую акадэмію мастацтваў. Дзякуючы веданню латышскай мовы, я змог працаваць дырэктарам Рыжскай Беларускай школы, выкладаць у інстытуце малюнак і жывапіс, а таксама весці мастацкую студыю ў 71-ай Рыжскай сярэдняй школе. Таму з працай у Латвіі ў мяне ніколі не было праблем. Я зарабіў нармальную пенсію. Нягледзячы на узрост, мяне заўжды чакаюць вучні і студэнты.

Увогуле, да беларусаў латышы лепш адносяцца, чым да іншых народаў, бо ў нас ментальнасць не ваяўнічая, а лагодная, памяркоўная, працавітая. Гэтаму спрыяла блізкасць суседства народаў. Ды і беларуская нацыя, як даказваюць вучоныя, склалася з асіміляцыі славянскіх плямёнаў крывічоў з балтамi.

— Вы вучыліся ў Краснасельскай сярэдняй школе. Якія засталіся ўспаміны аб школьных гадах? Можа ўспомніце каго-небудзь з настаўнікаў?

— Я вучыўся ў Краснасельскай сямігодцы, потым да дзевятага класа ў Краснасельскай сярэдняй вячэрняй школе, якую прыйшлося заканчываць ужо ў горадзе Вільні пры гарнізонным Доме афіцэраў падчас маёй службы ў войску. Канешне, запомніліся некаторыя настаўнікі Краснасельскай школы, якія мне імкнуліся даць як мага больш сваіх ведаў. Гэта настаўніца пачатковых класаў Праскоў’я Ісакаўна Хількевіч, настаўнік беларускай мовы Мікалай Паўлавіч Януш, дырэктар школы і настаўнік гісторыі Мікалай Якімавіч Рапека.

— Вас шануюць і ведаюць у Латвіі. А цi прызналi ваш талент у Беларусi? Ці атрымлівалі ў нашай краіне ўзнагароды і якія?

— Мая творчась, мая праца добра заўважана ў Беларусі. У энцыклапедычным даведніку Беларускага Саюза мастакоў, як і ў іншых беларускіх літаратурных даведніках, пра мяне згадалі. Мая кніга «Мінск на старых паштоўках» па рэйтынгу ўвайшла ў пяць найлепшых кніжак дваццатага стагоддзя пра горад. За кнігу «Гарады Беларусі на старых паштоўках» я стаў лаўрэатам прэміі Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтра і атрымаў медаль с дыпломам, падпісаным прэзідэнтам гэтага цэнтра Васілём Быкавым.

— Хто з паэтаў, мастакоў, празаікаў аказаў на вас уплыў, падштурхнуў да творчай самарэалізацыі?

— Калі я вучыўся ў акадэміі, то на маю творчасць у мастацтве, безумоўна, паўплывалі педагогі, вядомыя латышскія мастакі, класікі латышскага мастацтва Конрад Убанс, Эдгарс Ілтнерс, Эдуард Калныньш, Петерыс Упіціс і іншыя. Мне здаецца, што я ад іх не столькі атрымаў веды па жывапісу і графіцы, як навучыўся пастаянна і шмат працаваць. На ніве даследавання гісторыі на мяне найбольш паўплывалі пісьменнікі Уладзімір Караткевіч, Адам Мальдзіс і гісторык, археолаг Міхась Чарняўскі.

— Раскажыце аб сваім альбоме «Гарады Беларусi на старых паштоўках» i манаграфii «Адсюль наш род, тут мой прычал». Адкуль паўстала ідэя іх стварэння?

— Першае выданне кнігі «Гарады Беларусі на старых паштоўках» з’явілася ў выдавецтве «Беларусь» у 1998 годзе, а ў снежні 2014 года выйшла яе чацвёртае, дапоўненнае выданне з маімі 810-ю выявамі гарадоў і мястэчак Беларусі. Аднойчы я трапіў на зборы каленцыянераў, дзе ўбачыў старыя паштоўкі з краявідамі Рыгі, а таксама розных беларускіх гарадоў — Гродна, Ваўкавыска і іншых. Я тады пачаў набываць іх. У мяне ўжо была сабрана добрая калекцыя старых беларускіх паштовак, калі ў 1976 годзе, дзякуючы майму сябру з Мінска, паэту Сяргею Панізніку, пазнаёміўся ў Рызе з Уладзімірам Караткевічам і паказаў яму сваю калекцыю паштовак з выявамі гарадоў Беларусі. Ён быў вельмі ўражаны i пазнаёміў мяне са сваім сябрам, пісьменнікам, даследчыкам гісторыі і літаратуры, які таксама збіраў старыя беларускія паштоўкі. Адам Іосіфавіч Мальдзic, дарэчы, ён таксама з нашай Гродзеншчыны, а менавіта з Астравеччыны, адвёў мяне ў выдавецтва «Беларусь» і прапанаваў выдаць альбом «Мінск на старых паштоўках». Iдэю выдавецтва падтрымала, і ў 1984 годзе ўбачыла свет кніжка. Пасля паступіла прапанова выдаць кнігу «Гарады Беларусі на старых паштоўках». Мне прыйшлося тады кожнае лета падчас адпачынку ехаць з Рыгі па гарадах Беларусі, даследваць кожную вуліцу, кожны будынак, шукаць і пісаць пра іх гісторыю. Патрэбна было сустракацца з мясцовымі музейнымі работнікамі і краязнаўцамі, сядзець у бібліятэках і архівах, каб больш дакладна ведаць інфармацыю пра гарады. У 1998 годзе кніга была надрукавана. Яна адразу атрымала вялікі попыт у гісторыкаў, музеяў, краязнаўцаў і калекцыянераў паштовак.

Затым я вырашыў больш сур’ёзна заняцца даследваннем гісторыі свайго радаводу. Яшчэ раней мяне цікавіла пытанне, хто мае продкі па лініі маці і бацькі? Неяк у Гродзенскім архіве знайшоў лiсты з перапісам жыхароў вёскі Краснае Сяло, дзе былі адзначаны ўсе Целешы, хата ля хаты, і шмат іх. Цікавасць да гісторыі падштурхнула і дала ідэю напісаць кнігу «Адсюль наш род, тут мой прычал». Над даследваннем гэтай кнігі я працаваў двадцаць гадоў, бо прыязджаць так часта з Рыгі, каб сядзець ў архіве, не было магчымасцi.

Адкуль паходзяць карані вашага творчага імя Вячка?

— Вячка — гэта беларуская назва імя Вячаслаў. Будучы студэнтам, у Мінску я сустрэўся з мастаком Яўгенам Куліком. Ен мяне запытаў, чаму я сябе называю па-руску Славай i ці ведаю пра беларускага князя Вячку? Я адказаў, што ў мой час у школьным падручніку пра яго не было напісана. Ён даў мне кнігі, дзе была інфармацыя пра князя Вячку. З таго часу, калі я прыязджаў у Мінск, Яўген і ўсе яго сябры-мастакі і гісторыкі пачалі мяне зваць Вячкам. Пісьменнік Уладзімір Караткевіч у 1981 годзе на сваёй кніжцы «З вякоў мінулых» напісаў мне: «Дарагому князю Вячку (ён жа Целеш), каб цвёрда трымаў плацдарм у Прыбалтыцы». Вядома, я не князь, але Вячка. Многіх чамусьцi здзіўляе такое імя, а мне яно падабаецца.

— Ці часта вы бываеце на сваёй малой радзіме?

— Калі жылі мае бацькі, тады я ездзіў у Краснасельскі па два-тры разы ў год, а потым стаў бываць радзей. Апошнія гады, як працаваў над кнігай пра гісторыю радаводу краснасельскіх Целешаў, то ездзіў штогод, бо патрэбна было збіраць інфармацыю ад людзей і шукаць матэрыялы ў Гродзенскім гістарычным архіве. Зараз на малой радзiме жыве мая сястра Вера Міхайлаўна Пракапеня. Апошні раз быў у бацькоўскай хаце ў красавіку 2014 года, калі Краснасельская сярэдняя школа і яе дырэктар Ала Уладзіміраўна Чупрэта запрасілі на прэзентацыю маёй кнігі «Адсюль наш род, тут мой прычал». У жніўні таго ж года, падчас святкавання 100-годдзя цэментнага завода, таксама быў на прэзентацыi кнігі. Тады сабраліся краснасельскія Целешы ад кожнай галінкі радаводнага дрэва. Вялікі дзякуй і мае прывітанне тым, хто памятае мяне не толькі ў маім пасёлку Краснасельскі, а і ў Ваўкавыску, Росі.

Ваша парада сучаснай моладзі, якая імкнецца, у што б там ні стала з’ехаць з маленькага горада за вялікімі грашыма ў буйны мегаполіс?

— Мая парада моладзі не спяшацца ехаць жыць у вялікія гарады. Калі ехаць туды, то толькі за навукай, за рамяслом, а потым вяртацца. Я думаю, з цягам часу будзе больш увагі да развіцця рэгіянальных гарадоў, тады тут будуць патрэбны спецыялісты, адукаваныя на еўрапейскім узроўні.  

— Вашы пажаданні Ваўкавыску ў год яго 1010-годдзя?

— Няхай над старажытным Ваўкавыскам заўсёды будзе светлае, спакойнае, мірнае неба, а ў кожнай хаце пануюць добрабыт, шчасце і радасць.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 4741 раз Печать