Самы смачны фестываль - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Вторник, 22 Августа 2023 14:16

Самы смачны фестываль

Другі год ужо я з Ваўкавыска езжу на сваю малую радзіму, у Свіслач, на знакаміты фестываль “Бацькава булка”. Я ўдзячна лёсу, што ў мінулым годзе мае сёстры, якія жывуць у Свіслачы, угаварылі мяне прыехаць на гэты фестываль. Калі мне ў мінулым годзе не хацелася ехаць, хацелася на выхадных днях адпачыць, то цяпер я ляцела на сваю радзіму, як на крылах, бо ведала, што гэта цудоўнае і незабываемае свята хлеба. Нягледзячы на жудасную жару, плошча Свіслачы была цэлы дзень і вечар запоўнена людзьмі. Перш я думала, што фестываль — гэта, канешне, моцна сказана для маленькага гарадка, але я памылілася.

Я трапіла на ўнікальнае, заварожваючае свята. Праграма фестывалю складалася з розных конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў і гістарычных экскурсаў у мінулае хлеба. Адкрыццё фестывалю таксама было нязвыклым. Сапраўдны трактар з вялікім прыгожым караваем, нібы лялечны, цягнуў на вяроўцы нейкі сілач.

Перш за ўсё кідаліся ў вочы прыгожыя і нязвыклай формы караваі. Вялікія пернікі, замкі, млыны, трактар — усё было зроблена з хлеба. А шэдэўрам стаў 25-кілаграмовы каравай, упрыгожаны кветкамі, каласкамі і рознымі птушкамі і жывёлінамі. Яго прыгатавала Ганна Ясюкевіч з Воранаўскага раёна. Прыцягвалі погляды гасцей цікавыя выставы хлебных вырабаў з назвамі “Матулін каравай”, “Хлебныя шэдэўры”. Апошняя выстава была яшчэ і конкурсам, і пераможцаў узнагароджвалі граматамі і кветкамі на сцэне. З нашага горада Ваўкавыска таксама быў прадэманстраваны каравай, ад якога хацелася адразу адламаць кавалак і з’есці. А спякла яго па бабулінаму рэцэпту Вольга Карэцкая.

092 (3)

Гульнёвы экскурс “Ад зярна да хлеба” пазнаёміў моладзь і школьнікаў з усімі этапамі прыгатавання хлеба. Зерне спачатку трэба было ўдзельнікам падсушыць, потым адвезці на млын, а па дарозе адгадаць, якая зернавая культура знаходзіцца ў мяшках. Гэта было чароўнае відовішча, калі ўдзельнікі сваімі рукамі замешвалі цеста і ляпілі “Бацькаву булку”, якой потым маглі самі частавацца.

092 (4)

Якіх толькі вырабаў мясцовых і прыезжых майстроў ні было на плошчы! Свае вырабы прэзентаваў таксама муж маёй сястры Ірыны — Мячаслаў Саўко. Каля яго вельмі многа затрымлівалася гасцей, карціны, шкатулкі і лямпы з бярозавай чагі ўсім спадабаліся.

092 (2)

Якіх там толькі ні было конкурсаў, вяртаючых да мінулага! Трэба было змалаціць зерне цэпам, і такая праца для ўдзельнікаў аказалася вельмі цяжкай. На возе трэба было адвезці мяшкі з зернем на млын, а з саломай — да печы. І шмат іншага.

Не меньш цікавым быў і канцэрт з удзелам знакамітых артыстаў беларускай эстрады. Я чакала, каб пабачыць сваімі вачыма і паслухаць сваіх любімых артыстаў: пераможцу конкурсу “Фактор.by” Андрэя Панісава і знакамітага Аляксандра Саладуху. Канцэрт быў цудоўным, і такіх дружных апладысментаў я ў сваім жыцці яшчэ ніколі не чула. А вядучыя канцэрта апавядалі, што трэба рабіць, каб разам з хлебам у хату прыходзіла шчасце і каханне.

Фестываль “Бацькава булка” — гэта сапраўднае свята душы, песні і хлеба, і я на яго буду ездзіць заўжды, бо іначай не змагу. Гэтае свята дае нам зразумець, якое вялікае значэнне для нашай краіны мае хлеб, і “Бацькава булка” выхоўвае ў нашай моладзі павагу да хлеба і хлебаробаў.

Тэрэза КАВАЛЬЧУК, загадчык бібліятэкі ДУА “Гімназія № 2 г. Ваўкавыска”

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 989 раз Печать