«Какетка», «таўкачыкі» і «шарлатан» — «дыскатэка» мінулага стагоддзя - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Воскресенье, 17 Апреля 2016 00:00

«Какетка», «таўкачыкі» і «шарлатан» — «дыскатэка» мінулага стагоддзя

Лариса Прокопеня

Адным з папулярных спосабаў бавіць час, любімай забавай чалавека з даўніх пор з’яўляюцца танцы. Некалі для нашых продкаў рухі пад музыку мелі сакральны сэнс.

Танец быў спосабам зносін з прыродай, з яго дапамогай чалавек дасылаў да яе свае просьбы і спадзяваўся паўплываць на ход падзей. З часам танец згубіў сваё рытуальнае прызначэнне. Зараз гэта хутчэй спосаб самавыразу. Сённяшняя моладзь праяўляе сябе праз new style, electric boogie, house, street jazz і іншыя сучасныя накірункі. Маё пакаленне танцавала на дыскатэках брэйк і хіп-хоп, ламбаду і макарэну. Пакаленне маіх бацькоў на танцпляцоўках «выдавала» твіст, шэйк і рок-н-рол. Дарэчы, а што танцавалі нашы бабулі і дзядулі? Якой была «дыскатэка» пачатку мінулага стагоддзя?

Шмат ведае пра гэта вядучы метадыст па харэаграфіі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Святлана Мікшута. Некалькі год назад разам з супрацоўнікам інстытута па праблемах культуры этнахарэографам Мікалаем Казэнка яна правяла вялікую даследчую працу.

— Мы ездзілі ў экспедыцыі па раёне, гаварылі з мясцовымі жыхарамі, — расказвае Святлана Васільеўна. — Яны ўспаміналі і апавядалі нам, як у маладосці хадзілі на танцы, якія тады называлі вечарынамі, паказвалі нам рухі і танцавальныя фігуры. Мы здымалі на відэа, запісвалі харэаграфічны малюнак танцаў, музыку, прыпеўкі. Сабралі вельмі багаты матэрыял.

Нягледзячы на цяжкую працу, нашы бабулі і дзядулі любілі, як сёння кажуць, актыўны адпачынак. Пасля працоўнага дня, летам каля 10 гадзін вечара, а зімой — трохі раней, моладзь збіралася на вечарыну. Праводзіліся яны два разы на тыдзень незалежна ад пары года, акрамя часу пастоў, калі розныя забаўляльныя мерапрыемствы забараняліся. У цёплы час танцавалі проста на падворку, а ў халодны — у самай вялікай хаце. Іншы раз танцы працягваліся далёка за поўнач, а падчас вялікіх фэстаў — і ўсю ноч.

Удзельнічаць у вечарынах дазвалялася з шаснаццаці гадоў, але прыходзілі на танцы і малодшыя, падлеткі. Яны не танцавалі, а толькі назіралі за тым, як адпачываюць старэйшыя.

На вечарынах дзейнічаў своеасаблівы этыкет. Яшчэ да самога танца трэба было выканаць цэлы рытуал. Каб запрасіць дзяўчыну, хлопец падыходзіў, нахіляў перад ёй галаву, далонь правай рукі прыкладаў да сэрца. Калі дзяўчына згаджалася, то бралася рукамі за спадніцу і рабіла невялікае прысяданне. Тады кавалер падаваў ёй правую руку, і яны ішлі на круг.

Танец быў своеасаблівым спосабам пазнаёміцца бліжэй. Абдымацца, дакранацца адзін да аднаго было не прынята, а танец дазваляў патрымацца за рукі, узяць дзяўчыну за стан. Але не болей таго. «Прыціскацца» дазвалялася толькі падчас танга, і толькі на ўзроўні грудзей. Жанатыя людзі таксама ўдзельнічалі ў вечарынах, часцей за ўсё танцавалі яны са сваёй «другой палавінаю», але і іншую пару на танец абраць не забаранялася.

Галоўным на такіх вечарынах была, бясспрэчна, добрая музыка. Наймаць музыкаў і плаціць ім за работу было абавязкам хлопцаў. Часцей за ўсё танцавалі пад гармонік, з бубнам і «качалкай», якой адбівалі рытм. Калі ж да іх далучалася яшчэ і скрыпка —гэта быў ужо сапраўдны баль. Вядома, не ў кожнай вёсцы быў такі ансамбль, таму музыкі былі, можна сказаць, нарасхват. І калі запрасіць іх не ўдавалася, вяскоўцы абыходзіліся губным гармонікам ці нават проста грэбнем, да якога прыкладалі тонкую паперу.

Пачыналася вечарына абавязкова полькаю, ёю і заканчвалася. Акрамя ўсім вядомых «паскакухі», «трасухі» і «Лявоніхі», у кожнай вёсцы былі свае, адметныя танцы. У Канюхах, напрыклад, танцавалі «польку з падгоцам», у Сядзельніках — «цераз нагу» і «галёпам». А ў Мачуліна — «з аб’явамі». Вось як расказвала пра яе мясцовая жыхарка Яніна Аляксееўна:

— Танцавалі польку «з аб’явамі». «Кулэчко» — усе браліся за рукі, станавіліся ў круг. Затым ішлі «кошык дамскі» і «кошык кавалерскі» — дзяўчаты рабілі свой круг, а хлопцы — свой. Далей была каманда «кавалеры выбіраюць дзяўчат» — дзяўчаты адварочваліся, а хлопцы абыходзілі іх, кланяліся і выбіралі пару.

Пасля полькі танцавалі вальс, ці, як казалі ў некаторых вёсках, — валец. Акрамя звычайнага, быў «дамскі» вальс, калі дзяўчаты запрашалі хлопцаў. Адмаўляць у такіх выпадках было не прынята, нават калі дзяўчына і не падабалася. Самым папулярным быў вальс «На сопках Манчжурыі». Яго танцавалі ў кожнай вёсцы, але па-рознаму. У вёсцы Сядзельнікі, напрыклад, гэта быў асаблівы вальс з хустачкамі, падчас якога адна з дзяўчын станавілася ў круг і кідала хусцінку, а хлопцы павінны былі яе злавіць. Той, хто злавіў, атрымліваў права танцаваць з дзяўчынай у цэнтры круга, а астатнія, узяўшыся за рукі, стваралі вакол іх карагод. Затым у круг выходзіла другая дзяўчына.

Любілі нашы бабулі і дзядулі «ойру», «мяцеліцу», «матлет», «ночку цёмну», «сербіянку», «нарэчаньку» і іншыя. Вельмі папулярным быў традыцыйны танец «таўкачыкі», ці, як яго называлі ў асобных вёсках, — «Мікіта»: на падлогу клалі скрыжаваныя вілы і качаргу ці два доўгія калы. Пары ў рытме музыкі выконвалі танцавальныя фігуры, пераскокваючы з квадрата ў квадрат: на адной назе, на другой, спіной уперад і г. д. да тых пор, пакуль адзін з танцораў не збіваў кол. У Канюхах гэты танец абавязкова выконвалі, калі пяклі вясельны каравай. Дастаўшы яго з печы, маці нявесты танцавала са сватам, а бацька — з каравайніцай. Лічылася, што калі ніхто не закране прылады на падлозе, то і вяселле, і далейшае жыццё маладых будзе ладзіцца.

Кожны танец меў свой, адметны танцавальны малюнак, свае рухі. Фігуры былі даволі складанымі, іх трэба было добра ведаць, каб не збіцца самому і не збіць астатнія пары. Некаторыя танцы выконваліся толькі самымі віртуознымі танцорамі. Напрыклад, у Сядзельніках і Мачуліна танцавалі «чардаш», які патрабаваў асаблівай спрытнасці. А ў вёсцы Губчыцы танцавалі «шарлатан», адметны, не распаўсюджаны танец, які складаўся с дзвюх частак, павольнай першай і вельмі хуткай другой, падчас якой пары многа разоў мяняліся месцамі, прапускаючы адна адну праз «варотцы» пад рукамі.

Парныя танцы змяняліся сольнымі, своеасаблівымі спаборніцтвамі «хто каго ператанцуе», калі кожны мог паказаць свой спрыт і майстэрства. Моладзь любіла танцы-гульні, напрыклад «курачку». Ролю «курачкі» выконвала, вядома, дзяўчына, якая «танцавала», седзячы на кукішках у цэнтры круга, а вакол яе хлопцы, хто як мог, удавалі «пеўнікаў». Гульня доўжылася, пакуль «курачка» не стоміцца і не ўпадзе на падлогу, выпрастаўшы ногі. Тады на цэнтр ішла новая «курачка», і ўсё пачыналася спачатку.

Паказаць сваё майстэрства ў танцы імкнуўся кожны. Хоць танцаваць — не працаваць, але добрыя танцоры выклікалі павагу і ў малых, і ў старых. «Скакаць» вучыліся адзін ад аднаго. Малыя назіралі за старэйшымі на вечарынах, запаміналі, а пасля, застаўшыся сам-насам, стараліся паўтарыць, зрабіўшы сабе «пару» з саламянага снапа.

У мінулым стагоддзі засталіся тыя дні, але і сёння ўся гэта танцавальная спадчына зберагаецца, дзякуючы супрацоўнікам раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, у першую чаргу — Святлане Мікшуце. Пасля фальклорных экспедыцый яна распачала вялікі праект «Вянок побытавых танцаў Ваўкавыскага раёна», падчас якога дзеці, падлеткі і дарослыя вывучалі побытавыя танцы Ваўкавышчыны. А фіналам праекта стаў конкурс, у якім прынялі ўдзел 257 пар. Пераможцы конкурсу затым сталі фіналістамі рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва «Берагіня».

Праект скончыўся, але побытавыя танцы не трапілі ў занядбанне. Яны атрымалі другое жыццё ў рэпертуары самадзейных калектываў, і цяпер жыхары нашага раёна бачаць на канцэртах і «базар», і «месяц», і «ночку цёмну», і іншыя танцы нашых бабуль і дзядуль. І не толькі бачаць, але і самі могуць «паскакаць»: на розных святах работнікі РЦКНТ праводзяць для мясцовых жыхароў майстар-класы па побытавых танцах. І сталыя людзі, і моладзь з задавальненнем выходзяць на круг, і ў вачах загараюцца агеньчыкі, і чырванеюць шчокі, і па ўсяму відаць, што гэтыя забавы прыходзяцца людзям па душы. І хочацца пакланіцца работнікам культуры, дзякуючы якім не знікаюць, не адыходзяць у нябыт ні вясёлая «трасуха», ні імклівы «абэрак», ні жартаўлівы «лысы», ні лірычная «нарэчанька», і што гэтай багатай спадчыне знаходзіцца месца ў сённяшнім жыцці.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 4557 раз Печать