Для вучняў сярэдняй школы аграгарадка Юбілейны быў праведзены адзіны ўрок на тэму “Аб чым звоняць званы Хатыні” - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Среда, 22 Марта 2023 10:49

Для вучняў сярэдняй школы аграгарадка Юбілейны быў праведзены адзіны ўрок на тэму “Аб чым звоняць званы Хатыні”

Сакавік. Дарослыя і дзеці радуюцца першым промням сонца, якія саграваюць усё жывое. Пачынаюць ажываць палеткі і лугі, дрэвы і кусты, прылятаюць з далёкіх краін на сваю ра­дзіму птушкі. Жыццё працягваецца. Але, на жаль, не ўсюды.

Дзінь-дзінь, дзінь-дзінь-дзінь...

Што гэта звініць, Хатынь?

Што значаць яны, твае званы?

Ці гэта гучаць адгалоскі

Той вёскі, што была да вайны,

Той колішняй мірнай вёскі?

Дзінь-дзінь...

Жалобна звоняць званы ў Хатыні, як напамін аб тых трагічных падзеях, якія адбыліся 80 гадоў назад, і забыць пра якія мы не маем права. Трагедыя адбылася 22 сакавіка 1943 года. Атрад карнікаў акружыў вёску. З хат выгналі ўсіх — дзяцей, старых і жанчын. Ім быў вынесены смяротны прыгавор. Іх сагналі ў хлеў, абклалі яго саломай і падпалілі. А тых, хто палаючым факелам вырываўся з агню, расстрэльвалі ва ўпор.

Зямля стагнала і плакала, бо ёй прыйшлося прыняць мучэнні, кроў і смерць 149 жыхароў Хатыні, 75 з якіх былі дзеці.. Вёска, разам з яе жыхарамі, была спалена фашыстамі поўнасцю. Выжылі толькі шэсць чалавек. Траім дзецям — Валодзе і Соне Яскевічам і Сашы Жалабковічу — удалося схавацца ад фашыстаў. Засталіся жывымі двое з дзяцей, якія знаходзіліся ў хляве: Віктар Жалабковіч і Антон Бараноўскі. З дарослых у жывых застаўся толькі адзін чалавек, 56-гадовы вясковы каваль Іосіф Камінскі. На месцы спаленай Хатыні знаходзіцца мемарыяльны комплекс як знак памяці аб тых жудасных па­дзеях Вялікай Айчыннай вайны.

А колькі яшчэ такіх жа вёсак, як Хатынь!.. Лёс Хатыні раздзялілі сотні вёсак, у 186 з якіх ужо ніколі не працягнецца жыццё. Таксама як вёска Шавулічы, што знаходзіцца ў нашым Ваўкавыскім раёне. Раніцай 7 ліпеня 1943 года час для гэтай вёскі спыніўся: яе знішчылі за дапамогу партызанам фашысты. У тры колы акружылі вёску, мужчын заставілі капаць сабе магілы, а потым расстралялі ўсіх жыхароў, уключаючы дзяцей. Усе дамы і пабудовы былі спалены. Так вёска Шавулічы, якая складалася з 77 двароў, дзе жыло 94 сям’і, перастала існаваць.

Сёння на месцы спаленай вёскі пабудаваны мемарыяльны комплекс, дзе кожны год 7 ліпеня вельмі мнагалюдна. З усяго Ваўкавыскага раёна і з другіх куточкаў Беларусі збіраюцца людзі, каб ушанаваць памяць загінуўшых жыхароў вёскі Шавулічы. Боль Хатыні, Дальвы (Мінская вобласць), Шавуліч, Княжаводцаў (Мастоўскі раён) і многіх-многіх іншых вёсак немагчыма зразумець і прыняць. Нам, нашчадкам, застаецца толькі заўсёды памятаць, якім коштам нашаму народу дасталася Вялікая Перамога.

Алена БАГДАНОВІЧ, настаўнік пачатковых класаў СШ аг. Юбілейны

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 577 раз Печать