Шылавіцкая сярэдняя школа святкуе сваё 70-годдзе у 2023 годзе - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Пятница, 08 Сентября 2023 11:06

Шылавіцкая сярэдняя школа святкуе сваё 70-годдзе у 2023 годзе

“Наша школа…”. Колькі сённяшніх хлопчыкаў і дзяўчынак, колькі пакаленняў дарослых людзей, колькі настаўнікаў і бацькоў могуць з гонарам сказаць гэтыя словы пра нашу Шылавіцкую школу!

Для кагосьці гэта сённяшні дзень з яго падзеямі, клопатамі і дасягненнямі, для іншых — гады дзяцінства і юнацтва, якія немагчыма забыць.

У 2023 годзе Шылавіцкая сярэдняя школа святкуе сваё 70-годдзе. Менавіта сярэдняя! Таму што, калі гаварыць пра існаванне школы ў Шылавічах, то напэўна — гэта адна са старэйшых навучальных устаноў у Ваўкавыскім раёне.

Дакладная дата ўзнікнення школы ў Шылавічах невядома. Аднак існуе вытрымка з дакумента архіва Шылавіцкага касцёла, згодна з якой у 1600 годзе Вольскія, тагачасныя ўладальнікі Шылавіцкага маёнтка, даюць у кіраванне касцёлу розную маёмасць, у тым ліку і школу з бакалаўрам. Значыць, у 1600 г. школа ў Шылавічах ужо была. А магчыма, існавала яшчэ і раней. Так што, па самых сціплых падліках, школе ў Шылавічах ужо больш чым 423 гады!

Будынак Шылавіцкай СШ у 50-я гг. ХХ ст

Сучасная навучальная ўстанова створана была ў далёкім 1944 г., калі толькі што адгрымелі баі, і Беларусь была вызвалена ад фашысцкіх захопнікаў. У тыя неверагодна цяжкія пасляваенныя гады, калі аднаўлялася сістэма адукацыі ва ўсёй краіне, у Шылавічах захавалася вельмі важнае — вялікі двухпавярховы школьны будынак, узведзены ў 30-я гады. Ён быў уратаваны савецкімі сапёрамі, таму што немцы замініравалі яго пры адступленні.

Адзін з пасляваенных класаў

Спачатку ў школе былі толькі пачатковыя класы. Колькасць вучняў вялікая. У першы пасляваенны навучальны год, 1945/46, тут было 165 вучняў у 1—5 класах, да таго ж у кожнай з навакольных вёсак існавала свая пачатковая школа. Таму Шылавіцкая школа стала няпоўнай сярэдняй.

З 1953 г. школа набыла статус сярэдняй. У той час, 70 гадоў таму, у школе атрымлівалі адукацыю 258 вучняў. У 1956 г. адбыўся першы выпуск сярэдняй школы — 44 вучні.

Школьны будынак хутка стаў замалы для вялікай навучальнай установы. У ­60—70-я гг. у школе вучылася ўжо больш за 300 чалавек! Заняткі адбываліся ў дзве змены. Будынак быў мала прыстасаваны для школьных мэтаў: пячное ацяпленне, туалеты на вуліцы. Але, шчыра кажучы, ні вучні, ні настаўнікі не адчувалі ў гэтым перашкод для актыўнага і захапляльнага школьнага жыцця. Акрамя ўрокаў — праца ў школьным садзе, цяпліцы, нарыхтоўка дроў вучнямі і іх бацькамі ўспрымаліся як справа натуральная — для саміх сябе робім.

Спачатку не было сталоўкі. На перапынках тэхработнікі для вучняў рыхтавалі чай. Мне здаецца, смачней таго чаю з “шахматным” пячэннем я ў сваім жыцці не піла! Недзе ў 1980-м пабудавалі асобны будынак для школьнай сталовай. Для вучняў з далёкіх вёсак зімой працаваў школьны інтэрнат, што як магніт цягнуў вечарамі шылавіцкіх хлопцаў і дзяўчат.

У велапаход ад школьнага парога. Пачатак 90-х гг. ХХ ст

І вось нарэшце — новабудоўля! У 1987 г. быў узве­дзены новы будынак, у якім школа размяшчаецца і цяпер. Праўда, тагачаснаму дырэктару Г. В. Шурхан прыйшлося шмат паклапаціцца, каб праект быў перароблены, і ў яго была дабаўлена актавая зала. Новы будынак з энтузіязмам упарадкоўвалі калектыў школы і старэйшыя вучні. Са “старой” школы перавезлі не толькі абсталяванне, але і добрыя традыцыі. Адна з іх, напрыклад, — ездзіць у далёкія падарожжы: Вільнюс, Рыга, Ленінград, Кіеў, Львоў, Масква… Дзе толькі не пабывалі! Пры гэтым, хачу заўважыць, грошы на паездкі па большасці вучні зараб­лялі самі, працуючы на калгасных палетках. З дабрынёй успамінаюць былыя выпускнікі не толькі самі паездкі, але і настаўніка, які найчасцей быў іх арганізатарам, А. А. Кузьміна.

Яшчэ адно буйнае добраўпарадкаванне чакала нас у 2008-м, калі Шылавічы сталі аграгарадком. Дырэктарам школы ў той час быў У. М. Дземянкоў.

Зараз маем добраўпарадкаваныя класы і прышкольную тэрыторыю, вялікі спартыўны і трэнажорны зал, краязнаўчы музей… Усё гэта вынік вялікай працы ўжо сучаснага калектыву: кіраўніцтва школы (дырэктар Я. У. Хаян), настаўнікаў, тэхработнікаў, вучняў. Ёсць чым ганарыцца!

Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Шылавіцкая сярэдняя школа” выпусціла ў самастойнае жыццё 67 выпускаў, сотні юнакоў і дзяўчат, што сталі прадстаўнікамі самых розных прафесій. Нашы вучні з’яўляюцца пераможцамі шматлікіх творчых і інтэлектуальных конкурсаў рознага ўзроўню. Маем перамогі ў алімпіядах па нямецкай мове, біялогіі, матэматыцы, беларускай мове. Паспяхова працуе навуковае таварыства, вучні заваёўваюць дыпломы па гісторыі, беларускай мове і літаратуры, біялогіі. Штогод атрымліваем прызавое месца ў раённай круглагадовай спартакіядзе. Не пералічваю прозвішчаў, таму што ў вялікім школьным “механізме” ў кожнага ёсць сваё месца, без якога ўся сістэма працаваць не будзе. Да нашых дасягненняў можна аднесці і тое, што многія настаўнікі нашай школы з’яўляюцца яе выпускнікамі. У сучасным педагагічным калектыве такіх 10! Ёсць нават педагагічныя дынастыі.

Вядома, ёсць і праблемы. Найвялікшай з іх з’яўляецца хуткае змяншэнне колькасці вучняў. У гэтым навучальным годзе іх 91. Сённяшні час — гэта час урбанізацыі і мегаполісаў. Аднак добра вядома кожнаму вяскоўцу, што школа ў сельскай мясцовасці — цэнтр жыцця. Ёсць школа — ёсць у вёсцы жыццё, няма школы — няма жыцця.

Па мерках чалавечага жыцця 70 год — гэта ўжо сталасць, калі можна з вышыні ўзросту аглядаць пройдзены шлях, бачыць на гэтым шляху поспехі і няўдачы, ганарыцца дасягненнямі. У 70 год ужо, як правіла, ёсць вялікая сям’я. Наша школьная сям’я — гэта ўсе мы: вучні, настаўнікі, кіраўнікі школы, тэхперсанал, бацькі, многія з якіх выпускнікі нашай жа школы. Усе члены гэтай сям’і добра ведаюць і разумеюць адзін аднаго, разлічваюць на павагу і ўважлівае стаўленне да ўласнай асобы.

Дырэктар школы Дашкоўскі Ф. Е. 1957 г

Немагчыма не ўспомніць тых, хто быў галоўным у гэтай сям’і. З 1944 па 2023 год школу ўзначальвалі дырэктары Г. І. Манцэвіч, Ф. Ф. Стойлік, К. П. Галубцоў, В. В. Шавель, Ф. Е. Дашкоўскі, У. І. Несцяровіч, А. У. Бабко, С. М. Вялічка, У. У. Новікаў, Д. А. Валюк, Г. В. Шурхан, У. М. Дземянкоў, Д. А. Зязюля. Дырэктарам школы ў цяперашні час з’яўляецца Я. У. Хаян.

Ідзе час. Па-ранейшаму кожную раніцу бягуць у школу пачаткоўцы, паважна крочаць старшакласнікі, вязе аўтобус дзетак з далёкіх вёсак, спяшаюцца ў школу настаўнікі. У школьных вокнах ужо даўно гарыць святло. Гучыць званок. А значыць, жыццё працягваецца!

Учителя 90-е гг

Валянціна Кажухоўская, настаўнік гісторыі Шылавіцкай СШ.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 1264 раз Печать