Ваўкавычане прынялі ўдзел у абласным фестывалі "Дажынкі-2022" у Бераставіцкім раёне (дапоўнена) - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Суббота, 01 Октября 2022 20:00

Ваўкавычане прынялі ўдзел у абласным фестывалі "Дажынкі-2022" у Бераставіцкім раёне (дапоўнена)

1 кастрычніка вялікае свята ўраджаю — абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла “Дажынкі-2022” — адбылося ў Вялікай Бераставіцы. Уся Гродзеншчына, запрасіўшы шматлікіх ганаровых гасцей, урачыста і яскрава адзначыла завяршэнне жніва і падвядзенне яго вынікаў. Яны парадавалі: хлебаробы Прынёманскага краю сёлета намалацілі больш як паўтара мільёны тон збожжавых, па шэрагу паказчыкаў дасягнуты рэкордныя вынікі.

Ваўкавычане таксама ўнеслі важкі ўклад у агульны каравай Гродзенскай вобласці: на рахунку нашых аграрыяў 113 800 тон хлеба. Наша дэлегацыя, складзеная з прадстаўнікоў раённай улады і кіраўнікоў гаспадарак, артыстаў і народных майстроў, калектываў розных арганізацый і, вядома ж, перадавікоў жніва ў суботу заняла на святочных бераставіцкіх вуліцах сваё пачэснае месца. А адным з сімвалаў удзелу ваўкавычан у абласных “Дажынках-2022” сталі маленькія фігуркі буслоў, якіх дарылі ганаровым гасцям свята.

Вялікая Бераставіца святкавала ад раніцы і да вечара. Падворкі ўсіх раёнаў вобласці разгарнуліся на цэнтральнай вуліцы Леніна яшчэ задоўга да афіцыйнага адкрыцця ўрачыстасцяў. У аздабленні ваўкавыскага падворка прынялі ўдзел усе гаспадаркі раёна, і асноўнымі тут былі два элементы: па-першае, пшанічны колас як часцінка будучага ўраджаю і ўвесь яго шлях да нашага стала — ад поля да печы праз млын; па-другое — выява бусла як сімвала адраджэння беларускай вёскі, надзеі на паляпшэнне яе дэмаграфічнай сітуацыі.

На кожным з падворкаў пабывалі ганаровыя госці свята, якіх гэтым разам было вельмі шмат, сярод іх — першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў, дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Вальфовіч, намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь — упаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта ў Гродзенскай вобласці Леанід Заяц, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло, міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка і іншыя.

tcson_volkovysk_by_308511771_166777449342230_765256015542750037_p13390

marina_poltorak_309912313_116058331255002_5882780243855080286_n

Пакуль госці свята наведвалі падворкі раёнаў, на вуліцах і плошчах гасціннай Вялікай Бераставіцы ўжо працавалі шматлікія тэматычныя пляцоўкі. У іх арганізацыі таксама актыўны ўдзел прынялі ваўкавычане. Выставы сваёй прадукцыі прэзентавалі буйнейшыя прадпрыемствы раёна — ААТ “Беллакт”, ААТ “Ваўкавыскі мясакамбінат” і ААТ “Краснасельскбудматэрыялы”; частавалі гасцей і прымалі ўдзел у “Гастрафэсце” супрацоўнікі Ваўкавыскага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства. Прадстаўнікі Ваўкавыскага раённага вузла паштовай сувязі прапанавалі прадукцыю галіны ў палатцы “Белпошты”, калектыў Ваўкавыскага лясгаса знаёміў з дзейнасцю, тэхнікай і прадукцыяй лясной гаспадаркі. Свае выставы зладзілі на “Дажынках” таксама супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва і Ваўкавыскага дзяржаўнага аграрнага каледжа, а валанцёры Ваўкавыскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа дапамагалі медыкам кантраляваць здароўе гасцей свята.

Тым часам, на галоўнай сцэне “Дажынак-2022” усё было падрыхтавана для правядзення ўрачыстай цырымоніі. Папярэднічала ёй традыцыйнае маляўнічае відовішча — святочнае шэсце дэлегацый раёнаў вобласці. Марафон віншаванняў на галоўнай сцэне па праву гаспадара гродзенскай зямлі адкрыў Уладзімір Каранік, а затым на яе па чарзе ўзыходзілі іншыя ганаровыя госці, а таксама галоўныя героі святкавання — лепшыя механізатары, вадзіцелі, аграномы, інжынеры, кіраўнікі гаспадарак, якія атрымлівалі за сваю плённую працу заслужаныя ўзнагароды. Сярод іх былі і пяцёра нашых землякоў. Граматай дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь узнагароджаны на свяце вадзіцель аўтамабіля РСКУП “Ваўкавыскае” Юрый Кавальчук, Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь — дырэктар КСУП “Племзавод “Рось” Віктар Заміроўскі, Граматай Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу — трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці СКУП “Воўпа” Віктар Язерскі, Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў — вадзіцель РСКУП “Ваўкавыскае” Алег Міхалевіч, каштоўным падарункам ад ААТ “Гомсельмаш” — трактарыст-машыніст КСУП “Мацвееўцы” Іван Матус. Акрамя таго, Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь за трэцяе месца ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе па добраўпарадкаванню машынных двароў, гатоўнасці рамонтна-абслугоўваючых баз да працы ў зімовых умовах і машынна-трактарных паркаў да палявых работ быў узнагароджаны калектыў КСУП “Племзавод “Рось”.

Моманты віншаванняў і ўзнагарод на галоўнай сцэне чаргаваліся з выступленнямі лепшых гродзенскіх і сталічных артыстаў, сярод якіх былі Аляксандр Саладуха, Влада, Алёна Ланская, Вікторыя Алешка, Герман Цітоў, ансамбль народнай песні “Бяседа”, кавер-бэнд “ТЕNИ” і іншыя. Аднак не згубіліся на гэтым зорным эстрадным небасхіле і нашы артысты. Акрамя іншых, у канцэртных праграмах былі задзейнічаны ўзорны тэатр моды “Спадчына” Ваўкавыскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і калектыў сучаснага танца “ELITE” Ваўкавыскага гарадскога Дома культуры. У імправізаванай этнагасцёўні знакамітая гаспадыня з аграгарадка Юбілейны, удзельніца вядомага не толькі ваўкавычанам, але і тэлегледачам Беларусі і Расіі ансамбля “Сваякі” Марыя Бачынская частавала ўсіх “Вясельнымі шышкамі” і вясельным караваем ад Тамары Карнацэвіч з Ятвезі — афіцыйна прызнанага носьбіта элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Артысты ансамбля народнай песні “Сябрына” філіяла “Роскі Дом культуры” Ваўкавыскага раённага Цэнтра культуры “адказвалі” за прэзентацыю ваўкавыскага падворка, а яшчэ адна дэлегатка Роскага ДК Марына Палтарак разам з тэатрам моды “Спадчына” прадставіла Ваўкавыскі раён на фестывалі прыгажосці “Вянок маладосці”, які ўпершыню прайшоў на “Дажынках” у Вялікай Бераставіцы.

volkovyskileshoz_309683267_129249279886862_5855002403269608580__p92875

volkovyskileshoz_310030044_152030750851912_3324297379930427171__p36615

Свята хлебаробаў стала выдатнай нагодай для правядзення спаборніцтваў сярод прадстаўнікоў іншых прафесій. Так, каманда Ваўкавыскага лясгаса прыняла ўдзел у “Бітве лесарубаў”, актывісты раённага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі (гэтым разам з племзавода “Рось”), як і летась, перамаглі ў абласной “Сельскай эстафеце”, а работнікі Ваўкавыскага мясакамбіната сталі лепшымі па выніках гастранамічнага фестывалю “Гароднінафэст” у намінацыі “За захаванне рэгіянальных традыцый нацыянальнай беларускай кухні пры распрацоўцы рэцэптур, гатаванні, афармленні і прэзентацыі фірменных страў” і атрымалі Дыплом Бераставіцкага райвыканкама за высокі ўзровень гандлёвага абслугоўвання гасцей фестываля-кірмашу і творчы падыход да афармлення гандлёвага месца.

izobrazhenie_viber_2022-10-03_08-52-21-098

izobrazhenie_viber_2022-10-03_08-52-22-634

izobrazhenie_viber_2022-10-03_08-52-26-370

Актыўнасці на вуліцах Вялікай Бераставіцы прадоўжыліся да позняга вечара, які вянчаў “дажыначны” феерверк. Праз год абласное свята працаўнікоў сяла — хаця, вядома, не толькі іх — пройдзе таксама ў нашых суседзяў, толькі ўжо з усходу: “Дажынкі-2023” прыме Зэльва. А гэта значыць, што ваўкавычане ізноў будуць шырока прадстаўлены — як у якасці ўдзельнікаў, так і ў якасці гледачоў. Чакаем наступнай восені!

Фото автора.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Прочитано 1031 раз Печать