Мой першы рэдактар - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Среда, 03 Мая 2017 14:55

Мой першы рэдактар

Валентина Курилик

Трыццаць гадоў таму ў маі сышоў з жыцця чалавек, дзякуючы якому я выбрала для сябе прафесію журналіста. Яго імя — Васіль Фёдаравіч Праскураў. Выдатны майстар нарыса, журналіст ад Бога, пісьменнік, заслужаны дзеяч культуры БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, лаўрэат прэміі Саюза журналіс-таў СССР, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Кожны раз, пры неабходнасці запаўняючы службовую анкету, у верхнім радку графы “Ранейшае месца працы” я называю Ганцавіцкую раённую газету “Савецкае Палессе”. Гэта першая прыступка ў маёй журналісцкай практыцы і службовай кар’еры. У тую пору я вяртаюся ў думках з асаблівым замілаваннем: мне не было і 18 гадоў...

Як сёння памятаю: на чарговай “лятучцы”, плануючы тэмы для газеты на наступны тыдзень, Васіль Фёдаравіч даручыў падрыхтаваць рэпартаж пад назвай “Жыта красуе”. Ну што тут пісаць пра гэта? — занепакоілася я. Красуе і няхай сабе красуе…Толькі слушныя парады шэфа-рэдактара дапамаглі мне паспяхова справіцца з задачай.

А колькі разоў, выбраўшы вольную хвілінку ў сваім напоўненым справамі службовым графіку, ён пачынаў аб’ектыўна аналізаваць мае не зусім дасканалыя “творы”. Ніколі, нідзе, ніхто не працаваў над маім грамадзянскім і прафесійным станаўленнем больш, чым кіраўнік ганцавіцкай “раёнкі”.

Хоць у рэдакцыі на той час фармальна існавалі аддзелы, планаваліся нам тэмы для асвятлення, можна сказаць, без аглядкі на іх рамкі. У Ганцавічах мяне вучылі, што журналіст райгазеты павінен умець асвятляць розныя падзеі нашага вірлівага і шматграннага жыцця, у якой бы сферы яны ні здарыліся, пастаянна павышаць свой агульнаадукацыйны і прафесійны ўзровень.

“Журналіст ніколі не можа вяртацца з камандзіроўкі, узяўшы фактуру толькі для аднаго матэрыяла. Трэба, каб ён бачыў многае і прывозіў з сабой з раёна як мінімум некалькі тэм для далейшай распрацоўкі», — казаў мой першы рэдактар. Калі, бывала, тэма “не вытанцоўвалася”, — адпраўляў на так званыя творчыя перапынкі — на прыроду. “Ідзі, пагуляй у парку, падумай, а пасля вяртайся, — казаў Васіль Фёдаравіч. І дзіўна: і натхненне тады прыходзіла, і факты неяк прыводзіліся ў сістэму, і думкі гладка клаліся на паперу…

Цяпер я часта азіраюся на мінулае, узважваю свае паступкі з пункту гледжання свайго першага кіраўніка і творчага настаўніка Васіля Праскурава, хаваю памяць аб ім у сваім сэрцы як дарагую рэліквію.

Шмат часу прайшло з той пары, як я выйшла замуж “у свет” і па волі лёсу пакінула “Савецкае Палессе”. Змянілася наша жыццё, скарэкціраваны ідэалагічныя ўстаноўкі, больш важкімі сталі дасягненні народа ў сацыяльна-эканамічнай сферы. Калісьці ў Ганцавічах я рыхтавала для газеты перадавы артыкул пад назвай “За дваццаць цэнтнераў збожжа на круг”, і такое абавязацельства маглі ўзяць на сябе толькі перадавыя гаспадаркі. Сёння і 50 цэнтнераў збожжа з гектара — не мяжа, паказчыкі сталі ў два з паловай разы вышэйшыя.

Дасягнула “пэўнага ўзросту” і я (жанчыны не вельмі прызнаюцца, колькі ім гадоў). Але асноўныя набыткі, якія напрацаваны ў Ганцавіцкай райгазеце, у сваёй творчай практыцы выкарыстоўваю і цяпер.

Паслязаўтра я ў сорак сёмы раз буду адзначаць Дзень друку. Мой першы рэдактар так і не даведаўся, што з яго лёгкай рукі рэдактарам стала і я, прайшоўшы доўгі жыццёвы і творчы шлях па журналісцкай сцежцы. І што кожны год у дзень прафесійнага свята ўспамінаю яго добрым словам. Бо менавіта Васіль Праскураў адкрыў для мяне дзверы ў вялікі і цудоўны свет журналістыкі.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 2126 раз Печать