Наша краіна адзначае 140-гадовы юбілей Якуба Коласа - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Суббота, 29 Октября 2022 16:28

Наша краіна адзначае 140-гадовы юбілей Якуба Коласа

Няма на свеце чалевека, які не ведаў бы творы знакамітага беларускага пісьменніка. Цудоўныя творы Якуба Коласа пранікаюць у самае сэрца, прымушаюць нас перажываць, захапляцца, думаць. І ніколі нікога не пакідаюць раўнадушным.

Літаратурная спадчына Коласа выхоўвае ў дзяцей і моладзі лепшыя маральныя якасці, схіляе любіць сваю краіну, ганарыцца яе гісторыяй, захапляцца  хараством прыроды. Усе ведаюць Якуба Коласа як народнага паэта Беларусі, празаіка, драматурга. Але не ўсім вядома, што знакаміты беларускі пісьменнік быў яшчэ вучоным, педагогам, грамадскім дзеячам, крытыкам, публіцыстам, перакладчыкам.

Якуб Колас не толькі класік нашай нацыянальнай літаратуры, але і выдатны вучоны, педагог. Доўгі час ён выкладаў методыку роднай мовы і літаратуры ў Белпедтэхнікуме і Белдзяржуніверсітэце. Будучы знакамітым, ездзіў па гарадах нашай Беларусі і выступаў з лекцыямі на настаўніцкіх курсах. Немагчыма

ўявіць беларускую літаратуру без гэтага таленавітага пісьменніка. Усім пакаленням моладзі заўсёды будзе патрэбная багатая коласаўская спадчына.

Якуб Колас — адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы. На працягу дзесяцігоддзяў Якуб Колас ішоў у першым шэрагу рупліўцаў роднай культуры і літаратуры. Гэты шлях адзначаны выдатнымі здабыткамі ў галіне паэзіі і прозы, драматургіі і публіцыстыкі. Народны пісьменнік распрацоўваў і памнажаў выяўленчыя магчымасці роднага слова, павышаў яго мастацка-эстэтычную годнасць і грамадскі прэстыж. У той час, калі Якуб Колас пісаў свае першыя творы на роднай мове, яна ганьбілася, не дапускалася да афіцыйнага ўжывання. Але Якуб Колас піша свае творы на роднай мове і нават не задумваецца, як яны будуць успрыняты. Ён проста верыць, што родная мова будзе жыць і квітнець.

У творах пісьменніка на беларускай мове з вялікай мастацкай сілай выявілася сэнсава-эмацыянальная глыбіня, вобразнасць, мілагучнасць і іншыя мастацкія якасці роднай мовы. У персажанаў коласаўскіх твораў фразеалагізмы, прыказкі, прымаўкі выступаюць арганічнымі кампанентамі іх мовы. Малюючы яскравыя вобразы роднага краю, беларускай прыроды, ствараючы панараму жыцця народа, даючы трапныя характарыстыкі персанажаў, Якуб Колас па-майстэрску выкарыстоўвае рэсурсы выяўленчых сродкаў, назапашаных літаратурай.

Свой першы верш “Вясна” Якуб Колас напісаў пад ураджаннем прыгажосці веснавой прыроды, слухаючы песню жаўрука. Яго бацька нават не паверыў, што гэта сын напісаў такі цудоўны верш, бо хлопчыку тады было ўсяго 12 гадоў. Некалькі разоў ён перапытаў, а потым з гонарам дастаў з кішэні рубель і даў. Таямнічы лес цешыў і зачароўваў хлопчыка з маленства, даваў яму натхненне да творчасці.

Як Міцкевіч стаў Коласам, як натхнёна працаваў ён над сваімі кнігамі, можна даведацца, прачытаўшы кнігу Максіма Лужаніна “Колас расказвае пра сябе”. Вось невялікі цікавы ўрывак з яе: “Вельмі рэдка здаралася, каб яго працу магла перарваць якая-небудзь справа, нават самая неадкладная. Ён знаходзіў магчымасць управіцца з ёю ў найкарацейшы час, не адцягваючы надоўга ад выспяваўшага ў думках. Горш было, калі апыноўвала стомленасць, падкрадалася нядужасць і ён не давяраў руцэ, сумняваўся, ці тое, што трэба, выходзіць з-пад пяра. Тады абвяшчаўся перапынак міжвольны:

— Іду на прафілактыку, — так называў ён кароткі адпачынак і лячэнне ў стацыянары. — Трэба ціск знізіць, рысоры праверыць.

Урыўкі з твораў пісьменніка ўвайшлі ў народную гутарку і сталі цытатамі. Хочацца нагадаць самыя яркія і вядомыя цытаты з творчасці Якуба Коласа. Вось толькі некалькі добра вядомых: чалавек без Радзімы — бедны чалавек; сэнс жыцця нашага — бесперапынны рух; добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш; свая зямля — вось што аснова; корань навукі горкі, ды плады яго салодкія; а будзе ісці навука туга — падгоніць бацькава папруга; чалавек жыве дзеля дабра, для служэння праўдзе, каб стварыць нейкія вартасці жыцця і каб быць карысным для іншых...

Мы ганарымся сваім знакамітым пісьменнікам і часта звяртаемся да яго цудоўных твораў. Мне, напрыклад, хочацца штораз узгадваць, як Антось у “Новай зямлі” варыў свае смачныя клёцкі, як Андрэй Лабановіч прыехаў у глухую вёску, а так гэтаму радаваўся.  Возьмеш у рукі кнігу Якуба Коласа, пачнеш чытаць — і адразу набудзеш душэўны спакой, цішыню. Нібы ты на машыне часу апынуўся на сваёй малой радзіме, на прыродзе, далёка ад шумнага горада.

Тэрэза Кавальчук,
загадчык бібліятэкі
гімназіі № 2 г. Ваўкавыска.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 1421 раз Печать