Больш таго, многія аўтары шчодра аздаблялі свае творы моўнымі залацінкамі роднай мясцовасці. Цікава і тое, што ў Беларусі склалася такая моўная сітуацыя, што нярэдка не толькі ў розных раёнах, але і нават у розных кутках адной і той жа вёскі людзі могуць размаўляць па-рознаму.
Мне пашчасціла некалькі разоў ў 80—90-я гг. мінулага стагоддзя браць удзел у дыялекталагічных экспедыцыях. Мы запісвалі ад старажылаў розных мясцовасцей Бацькаўшчыны гэтыя каштоўныя залацінкі народнай мовы, знаёміліся з укладам жыцця і быту ў многіх рэгіёнах. Занатовак хапіла на некалькі сшыткаў. А гэта ўсё бессмяротнае багацце нашай спадчыны, якое можа беззваротна знікнуць разам з апошнімі старажыламі зямлі роднай. Таму сёння хочацца яшчэ раз звярнуцца да маладога пакалення: часцей сустракайцеся з шаноўнымі землякамі, занатоўвайце іх жыццёвую мудрасць і моўныя багацці. Унукі і ўнучкі, вас чакаюць у госці бабулі і дзядулі, якія вам і раскажуць казкі, паданні, і праспяваюць, і навучаць жыццёвай мудрасці.
На шчасце, дыялектнай эстэтыцы і красамоўству нам ёсць у каго павучыцца. Шмат дыялектызмаў запісаў ураджэнец вёсачкі Лаша Гродзенскага павета Яўхім Карскі. Ён падрыхтаваў “Праграму для збору асаблівацей беларускіх гаворак” (1897 і 1916), якая не страціла сваёй актуальнасці і ў наш час. Скрупулёзна вывучаў беларускія гаворкі ў час камандзіровак, асабліва на Гродзеншчыне, Віленшчыне, Міншчыне. Мне асабліва падабаецца яго даследаванне “Беларускія песні с. Беразавец Навагрудскага павета”. А яго праца “Беларусы” — гэта вышэйшае дасягненне еўрапейскай славістыкі канца ХІХ ст., сапраўдная энцыклапедыя беларусазнаўства. Цікава, што прарадзімай славян Карскі лічыў Палессе (басейн Прыпяці, верхняга Нёмана і ніжняй Бярэзіны). Ён вызначыў час фарміравання беларускай народнасці (ХІІ—ХV ст.), сцвярджаў, што ў аснову беларускай народнасці ляглі плямёны дрыгавічоў, радзімічаў і крывічоў. Надзвычай цікавым з’яўляецца другі том “Беларусаў” — “Мова беларускага племені” (1908—1912).
Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны Інстытутам мовазнаўства АН Беларусі сумесна з вну рэспублікі было арганізавана падрабязнае і сістэматычнае вывучэнне гаворак. На падставе сабраных матэрыялаў быў складзены «Дыялектычны атлас беларускай мовы» (1963), а затым “Лексічны атлас беларускіх народных гаворак” (1993— 1998). Дарэчы, не ўсе мовы свету могуць пахваліцца такімі фундаментальнымі даследаваннямі.
Традыцыйна вылучаюцца асноўныя групы дыялектаў: паўночна-ўсходні — Віцебшчына, паўночны ўсход і цэнтральная частка Магілёўшчыны; віцебская група — усход Віцебшчыны; полацкая група — заходняя і цэнтральная часткі Віцебшчыны і паўночны захад Магілёўшчыны; усходне-магілёўская — усход і частка цэнтра Магілёўшчыны; сярэднебеларускія дыялекты — паласа праз поўнач Гродзеншчыны, цэнтр Міншчыны, паўднёвы захад Магілёўшчыны і паўночны ўсход Гомельшчыны; паўднёва-заходні дыялект — Гродзеншчына, поўдзень Міншчыны і Гомельшчыны; гродзенска-баранавіцкая група — Гродзеншчына і поўнач Брэстчыны; слуцкая група — поўдзень і паўднёвы ўсход Міншчыны, Гомельшчыны; мазырская група — поўдзень Гомельшчыны; палеская група — паўднёвы захад Брэстчыны.
Існуе тэрмін “загародскія гаворкі”, якім акрэсліваюць брэсцка-пінскія гаворкі заходнепалескага дыялекту. Ён быў утвораны ад назвы гістарычнай часткі Піншчыны, старажытных шляхоў і аднайменнай раўніны. Тэрмін у навуковы зварот увёў знакаміты дыялектолаг Фёдар Клімчук, ураджэнец вёскі Сіманавічы Драгічынскага раёна.
Шмат для вывучэння палескіх гаворак зрабіла Заходнепалескае навукова-краязнаўчае таварыства “Загароддзе”.
Трэба сказаць, што не толькі вучоныя, энтузіясты роднага слова, патрыёты сваёй мясцовасці, але і пісьменнікі лічылі неабходным занатоўваць гаваркія слоўцы сваёй мясцовасці. Гэтай высакароднай справе сёння дапамагае інтэрнэт, выходзяць электронныя выданні. Так што інтэрнэт-прастора сёння шырока адкрыта і для рупліўцаў матчынай мовы — нашчадкі потым скажуць дзякуй!
Канстанцін КАРНЯЛЮК, педагог.
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.