Ад пакалення ікс да пакалення альфа. Сучасныя дзеці вельмі мабільныя - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Суббота, 10 Сентября 2022 16:00

Ад пакалення ікс да пакалення альфа. Сучасныя дзеці вельмі мабільныя

Кожнае пакаленне мае свае адметныя рысы, якія з’явіліся як адказ на тыя глабальныя падзеі ці з’явы жыцця, якія выпадаюць на лёс людей. Зараз у нас распаўсюджваюцца новыя камунікатыўныя тэхналогіі, новыя сродкі сувязі, мабільныя тэлефоны. I цяпер дзяцінства зусім не такое, як было ў нас. Зараз можна патэлефанаваць у любы момант і перанесці сустрэчу. А раней гэта было немагчыма. Трэба было прыйсці своечасова і калі мы спазняліся, пачыналіся праблемы. Ужо можна бачыць розніцу з пункту гледжання таго, як новыя тэхналогіі паўплывалі на нас і асабліва на нашых дзяцей. Гэтыя змены мы абмяркоўвалі з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Вярэйкаўскай сярэдняй школы Святланай Харытонік і яе вучаніцай Дар’яй Карвацкай.

— Святлана Эдвардаўна, што змянілася з прыходам разнастайных техналагічных прылад у наша жыццё? Якія рысы ўласцівыя маладому пакаленню? Намалюйце, калі ласка, словамі агульны вобраз новага пакалення.

— З прыходам разнастайных тэхналагічных прылад у наша жыццё з’явілася шмат рознай даступнай інфармацыі, якой карыстаюцца дзеці ў паўсядзённым жыцці. Раней асноўнай крыніцай інфармацыі былі кнігі. Таму цяпер дзеці чытаюць мала кніг, вольны час праводзяць з мабільнымі гаджэтамі.

Новае пакаленне, на мой погляд, больш раскаванае, свабоднае, мабільнае, крэатыўнае, самастойнае, не баіцца цяжкасцей у жыцці, само стараецца пераадолець перашкоды. Мне здаецца, што вялікіх граніц, якія аддзяляюць маладое пакаленне ад нашага пакалення, не існуе. Што датычыцца вучобы, то і ў наш час былі, і цяпер ёсць дзеці, якім вучоба патрэбна, а якім — не. Не кожнаму дадзена быць кіраўніком, дырэктарам, начальнікам. Галоўнае, быць чалавекам з вялікай літары. Я ўпэўнена, што маладое пакаленне, якое ўступае ў жыццё, будзе далей развіваць традыцыі, закладзеныя ў нашай краіне. Менавіта ад яго будуць залежаць развіццё краіны і яе будучыня.

— Ці павялічылася цікавасць да беларускай мовы ў вучняў?

— На жаль, усплёску цікавасці да прадмета я не назіраю. Але ёсць такія “зорачкі”, як мая вучаніца Даша, якім цікава вывучаць беларускую мову.

— Матэрыял ускладніўся? Вучням цяжэй стала вучыцца?

— Мне здаецца, што не. Раней, калі я толькі прыйшла пасля вучобы працаваць, на ўрокі беларускай мовы і літаратуры была адведзена большая колькасць гадзін. Цяпер гэта коль­касць скарацілася. Значыць, скарацілася і колькасць кантрольных работ. У гэтым годзе павялічылася колькасць урокаў мовы ў дзясятым і адзінаццатым классах. Па беларускай літаратуры, на мой погляд, аб’ём вывучаемага матэрыялу зменшыўся. Напрыклад, раней у школе поўнасцю вывучалася трылогія Якуба Коласа “На ростанях”. Цяпер мы вывучаем толькі першую частку кнігі. Лічу, што вучням не стала вучыцца цяжэй. 

– А англіцызмаў стала шмат?

— Хапае. Вывучаючы запазычаныя словы, мы, у першую чаргу, звяртаем увагу на пэўныя прадметы, характэрныя замежнай мове, вучым дзяцей дарэчы ўжываць запазычаныя словы ва ўласным маўленні.

— Зараз кажуць пра інтэрактыў­насць, выкарыстанне новых матэрыялаў праз QR-коды (к’юаркоды). Iх вучні сканіруюць у падручніках, выкарыстоўваюць?

— Так. Яны ёсць. Асабліва шмат у падручніках для старэйшых класаў. Мы з Дашай вывучаем беларускую мову на павышаным узроўні. У нас група з пяці вучняў. І мы карыстаемся QR-кодамі на ўроках.

— Павышаны ўзровень — маецца на ўвазе большы аб’ём?

— Так. На базавым узроўні на вывучэнне беларускай мовы ў 10-11 класах адводзіцца 53 гадзіны на год, на павышаным — 105 гадзін на год.

— Раскажыце, калі ласка, як гэтыя вучні рыхтуюцца да алімпіяды.

— Да алімпіяды ідзе падрыхтоўка не толькі на ўроках. Сістэматычна праводзяцца індывідуальныя заняткі. Я карыстаюся рознымі дапаможнікамі (а іх у мяне шмат), у якіх ёсць карысны і патрэбны матэрыял для падрыхтоўкі да ўсіх выпрабаванняў па беларускай мове і літаратуры — комплекснай работы, водгуку на мастацкі твор. Заданні сістэматызаваны, дазваляюць дасягнуць высокіх вынікаў на алімпіядзе.

— Прафесія настаўніка заўсёды будзе запатрабаванай, бо хтосьці павінен передаваць веды, асабліва, калі ўсё хутка мяняецца. На ваш погляд, прафесія з цягам часу зменіцца?

— Магчыма, зменіцца. Жыццё не стаіць на месцы. Як кажуць, усё цячэ, усё змяняецца. Ды і цяпер з’явіліся новыя передавыя педагагічныя тэхналогіі. Мы іх выкарыстоўваем у сваёй педагагічнай дзейнасці. У малодшых класах больш звяртаемся да гульнё­вай тэхналогіі. У старэйшых — да праблемнага навучання, крытычнага мыслення, праектнай тэхналогіі. Выкарыстоўваем і іншыя.

— Што трэба для таго, каб вучань добра развіваўся, рос як асоба?

— Для таго, каб вучань добра развіваўся, неабходна нам, настаўнікам, у першую чаргу, зацікавіць яго сваім прадметам, каб ён з задавальненнем ішоў на ўрок, каб хацелася праца­ваць, штосьці новае пазнаваць, а потым выкарыстоўваць набытыя веды ў жыцці.

— Як падстроіцца пад змены ў наш час агульнай цыфравізацыі?

— Я лічу, неабходна ісці ў нагу са зменамі, не баяцца цяжкасцей, не падаць духам, а глядзець смела на ўсё тое новае, што з’яўляецца ў нашым жыцці. I наогул, быць сумленнымі, адказнымі, справядлівымі і адкрытымі.

Галоўнае — марыць

і ісці да сваіх мар

Дар’я Карвацкая, вучаніца 11 класа, атрымала дыплом другой ступені на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды за веданне беларускай мовы і літаратуры.

— Раскажыце аб вашым удзеле ў рэспубліканскай алімпіядзе. Чаму беларускую мову абралі?

— Спачатку вучылася ў Стара­дварэцкай школе Бераставіцкага раёна. Перайшла сюды. У шостым класе пачала ўдзельнічаць у раённых алімпіядах. Займала прызавыя месцы. У 10-м класе прайшла на вобласць. Больш стала займацца беларускай мовай, таму што на школьнай алімпіядзе былі добрыя балы. Пісала сачыненні, водгукі. Наогул, рэспубліканская алімпіяда складаецца з комплекснай работы (гэта заданні) і напісання водгуку. Водгук — гэта асабістыя разважанні пра твор, што ўразіла, што ўсхвалявала. I ўсё патрэбна напісаць без граматычных, арфаграфічных, пунктуацыйных, моўных памылак. На напісанне водгуку адводзіцца чатыры гадзіны. Чытаем невялікі твор, верш ці апавяданне, і адразу пішам. Аб’ём вольны, колькі можаш, столькі і пішаш.

— Хтосьці з вашага пазашкольнага асяроддзя размаўляе прыгожа на беларускай мове?

— Не, па-беларуску я размаўляю толькі ў школе.

 — Якія якасці вам падабаюцца ў людзях? Што вы цэніце ў сваіх сябрах?

— Гэта павінны быць адкрытыя людзі. Шчырыя, добрыя, якія заўсёды падтрымаюць, прыйдуць на дапамогу.

— У вас ёсць рысы індывідуаліста?

— Думаю, ёсць.

— На вашу думку, гэта добра, ці не? Бо індывідуалізм уласцівы нашаму часу і з’яўляецца нечым натуральным, калі ў кожнага ёсць свой профіль у Iнстаграме, УКантакце, калі патрэбна паказваць, які ты ёсць? Што трэба рабіць, каб індывідуалізм праяўляўся са станоўчага боку?

— Трэба працаваць над сабой, індывідуалізм — гэта добра, але ў меру. Калі не з адмоўнага боку. Трэба ўмець працаваць і ў кампаніі з людзьмі, і аднаму.

— У якія камп’ютарныя гульні гуляеце?

— Не гуляю.

— Глядзіце якіх блогераў у Ютубе?

— Я люблю больш чытаць. За некаторымі “зоркамі” назіраю. Напрыклад, за Аляксандрай Пасновай. Яна пачынала з сюжэтаў пра касметыку, макіяж.

— З якой мэтай карыстаецеся сучаснымі прыладамі?

— Для зносін. З сябрамі перапісваемся. Шукаю інфармацыю, чытаю кнігі, гляджу відэа, серыялы.

— Колькі часу праводзіце ў інтэрнэце?

— Магчыма больш, чым трэба. Хацелася б менш.

— Лічыцца, што сучасныя падлеткі шматзадачныя і могуць, напрыклад, слухаць музыку і выконваць дамашняе заданне адначасова. Вы таксама так умееце?

— Так. Магчыма, гэта звязана з недахопам часу, хочацца ўсё паспець.

— Якія ў вас яшчэ інтарэсы, акрамя вывучэння беларускай мовы?

— Я займаюся біялогіяй, хіміяй.

— Адваротны бок развіцця сучасных тэхналогій — пагаршэнне экалогіі. Як вы ставіцеся да гэтага?

— Экалогія — важная тэма. Трэба больш гаварыць пра яе, таму што гэта наша будучыня, будучыня нашых дзяцей. Лічу, што трэба больш сур’ёзна ставіцца нават да раздзельнага збору смецця.

— Пра што вы марыце? Кім хочаце стаць на дадзены момант?

— Хачу стаць урачом.

— Што пажадаеце сваім сучаснікам?

— Больш, напэўна, марыць і ісці да сваіх мар, да сваіх мэтаў.

Фота аўтара

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 1150 раз Печать