— Калі я паступаў ва ўніверсітэт, не планаваў станавіцца настаўнікам. Я марыў вывучаць беларускую мову, таму што яна ўсе школьныя гады мне вельмі падабалася, давалася лёгка. Мяне ў прынцыпе зацікавіла беларуская культура, — расказвае Артур.
Спецыяльнасці ва ўніверсітэтах, якія стваралі ўмовы для вывучэння беларускай мовы, былі на той час у большасці педагагічныя. І калі Артуру Юр’евічу дзядзя параіў паступаць на настаўніка, бо казаў, што прафесія дастаткова цікавая і ў ёй можна дабіцца вельмі многага, ён згадзіўся.
— На цяперашні момант я не шкадую, што выбраў менавіта такі шлях. Таму што вывучэнне мовы, супрацоўніцтва з цудоўнымі выкладчыкамі, праца з дзецьмі — усё гэта мяне захапіла адразу, — кажа малады настаўнік.
Артур паступіў у Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. Брэст запаў яму ў самае сэрца і ён палюбіў гэты горад да глыбіні душы. Там вучыўся яго старэйшы брат. Перад тым, як паступаць, Артур з бацькамі з’ездзіў на дзень адчыненых дзвярэй, паразмаўляў з выкладчыкамі і старэйшымі студэнтамі выбранай ім спецыяльнасці. На філалагічным факультэце вывучаліся і дыя-
лекталогія, і фалькларыстыка, і літаратурнае рэдагаванне, таму што спецыяльнасць у Артура — “Беларуская філалогія: літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць”, згодна з якой працаваць можна філолагам, настаўнікамбеларускай мовы і літаратуры, а таксама карэктарам ці рэдактарам. Падчас вучобы маладому чалавеку даводзілася працаваць у рэдакцыі газеты, правіць, рэдагаваць тэксты. На практыцы прафесія аказалася цяжэйшай, чым падавалася яму на першы погляд. Педагагічная практыка ў студэнта-філолага займала толькі адну чвэрць — тры месяцы.
— На чацвёртым курсе, на практыцы, мне і майму аднагрупніку далі паралель сёмых класаў. З імі было працаваць дастаткова проста, таму што дзецям было цікава, што да іх прыйшоў практыкант, ды яшчэ і мужчына. Звычайна былі дзяўчаты, а тут малады мужчына. У іх я быў класным кіраўніком усю чвэрць і выкладаў беларускую мову і літаратуру. Вучні станоўча аднесліся да гэтай сітуацыі: ішлі насустрач, супрацоўнічалі. Дапамагалі таксама, калі мы давалі заліковыя ўрокі. Яны вельмі актыўна працавалі, рыхтаваліся. Нават тыя, хто сядзеў, можна сказаць, у троечніках, таксама стараліся. I таму пасля гэтай практыкі перспектыва ісці ў школу не выклікала такога вялікага страху. Думалася, што будзе таксама проста і настолькі ж цікава.
— Так і аказалася?
— Цікава, аднак цяжкасці ёсць. З дакументамі вялікі перагруз. Прыходзіцца ахвераваць часам для падрыхтоўкі да ўрока, каб паспець разабрацца з дакументацыяй.
— Чым вам падабаецца прафесія?
— Прафесія падабаецца тым, што вельмі многа цікавага можна даведацца ад дзяцей. Яны самыя — істоты дастаткова цікавыя, таму што паглынаюць шмат інфармацыі, праўда, не заўсёды правільнай. Але ва ўсялякім выпадку большасць з іх можа расказаць многа не-
звычайнага, таго, што нават я мог не ведаць. Цікава, калі яны глупствы кажуць і ты спрачаешся з імі наконт нейкай думкі. Яны, мабыць, і не ўсведамляюць таго, што не ўсё разумеюць, але настойваюць на сваім да апошняга. І вельмі цікава ўступаць
у такія “спрэчкі” і даказваць ім, што насамрэч гэта не так. У выніку яны крыху мяняюць свой погляд, але асноўнае ўсё роўна не прызнаюць.
Настаўнікамі па жыцці Артур Юр’евіч лічыць, у першую чаргу, сваіх бацькоў, якія дапамагаюць справіцца з сітуацыямі, што могуць выклікаць цяжкасці, падказ-
ваюць, як знайсці выхад. Таксама вельмі добрымі дарадцамі ў працы і жыцці з’яўляюцца браты яго бацькі. Старэйшы дзядзька і яго жонка — настаўнікі ў школах. Сярэдні татаў брат працуе ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў у Мінску, а таксама выкладае на курсах па гісторыі. Яны для Артура — настаўнікі ў прафесіі, даюць парады з вышыні свайго вопыту.
У самаго Артура — настаўніцкая сям’я. Яго жонка, Аліна Юр’еўна, таксама настаўніца беларускай мовы, працуе ў Субацкай сярэдняй школе. У тым, што яны з жонкай — калегі, на яго думку, плюсаў больш, чым мінусаў. Калі ўзнікаюць складаныя пытанні, яны право-
дзяць маленькі педсавет і прыходзяць да правільнай высновы. Калі рыхтуюцца да адкрытых урокаў, мерапрыемстваў, усё робяць у пары, бо можна параіцца.
— Але ёсць і свае мінусы, — кажа Артур. — Таму што работа, можна сказаць, не выходзіць з жыцця. І дома нейкія спрэчкі могуць узнікаць наконт таго, чаму мы не можам проста пася-
дзець, паглядзець фільм, а правяраем сшыткі, пішам канспекты. Мы прыйшлі да кампрамісу: ёсць дні, калі мы актыўна працуем, а ёсць вольныя дні, калі мы можам пайсці пагуляць, куды-не-
будзь з’ездзіць, зрабіць нешта іншае. Пра работу дома нейкі час стараемся не размаўляць. Пасля работы расказваем навіны адзін аднаму, потым ад работы робім перадышку і бліжэй да вечара можна зноў нешта пачынаць рабіць, праверку сшыткаў, канспекты.
Што галоўнае ў выхаванні?
— Сёння ў вучняў шмат розных сродкаў або каналаў інфармацыі (Ютуб, Цік-Ток, сацыяльныя сеткі). Як вы “канкурыруеце” за ўвагу дзяцей?
— Канкурыраваць з сацыяльнымі сеткамі вельмі цяжка. Таму што там вельмі коратка, лаканічна падаецца многа інфармацыі. Не заўсёды аб’ектыўнай і адэкватнай. Розныя жарты, глупствы і гэтак далей збіваюць арыенціры дзяцей. Спаборнічаць з медыя цяжка. Пераконваеш дзяцей, што гэта нейкія глупствы, што ў прынцыпе нічога добрага там не скажуць. І таму вельмі часта адбываецца так, што прыходзіцца неяк аспрэчваць тое, што ім кажуць у Інтэрнэце, каб яны больш прыслухоўваліся да цябе, як да чалавека больш дарослага. А разам з тым — і чалавека, які ў свае 24 гады не так далёка ад іх адышоў. І таму, калі спрабаваць з імі размаўляць, даносіць інфармацыю неяк па-іншаму, атрымліваецца адцягнуць іх увагу. Але на многіх дзяцей гэта ніяк не ўплывае, таму што адзінае, што ім патрэбна, гэта палістаць стужку ў сацыяльных сетках.
— Што, на вашу думку, патрэбна, каб стаць аўтарытэтам для дзяцей?
— Верагодна, трэба старацца лічыць іх плюс/мінус роўнымі. Старацца часткова адпавядаць іх патрабаванням. Напрыклад, дзеці часта просяць схадзіць з імі куды-
небудзь. Можна сказаць, што ў мяне няма часу, сшыткі, нешта іншае… I дзеці тады робяць выснову, што няма сэнсу штосьці казаць класнаму кіраўніку, калі ён усё роўна нічога не зробіць. Але калі пастарацца выканаць іх просьбу, тады яны больш будуць паважаць цябе як настаўніка. Трэба вясці за сабой, дапамагаць па вучобе, тады дзеці пачынаюць больш актыўна займацца і ставяцца да настаўніка крыху па-іншаму.
Галоўнае ў выхаванні: старацца не адносіцца да дзяцей, як да асоб, якія нічога не разумеюць, не ведаюць. А ісці з імі на ўзаемны кантакт, наладжваць узаемную дапамогу і не прыніжаць іх, як недастаткова адукаваных. Яны, мабыць, і лічаць сябе дарослымі, але такімі не з’яўляюцца. Таму трэба многа думаць, разважаць над тым, як лепей ім што адказаць, сказаць. Не проста на эмоцыях, а разам з імі разбірацца, вырашаць канфлікты. Не толькі скардзіцца бацькам, а гаварыць з самімі вучнямі.
— Ёсць выказванне: “Дрэнны настаўнік падае ісціну, добры настаўнік вучыць яе знаходзіць”. Што вы думаеце на гэты конт?
— Выраз правільны, таму што калі некаторым дзецям усё падносіць на талерачцы, яны не будуць старацца развівацца. Але гэта выказ-
ванне можна і аспрэчыць. Таму што дзіця можа быць вельмі развітым, разумным, але часам яму нейкай кропелькі не хапае для таго, каб дасягнуць добрага выніку. Тады можна падштурхнуць — падказаць, і ён знойдзе правільны адказ. Усё залежыць ад складу розуму, здольнасцей, лагічнага мыслення. Можна даваць дзецям правільны адказ адразу, але правільней, каб дзеці самі да яго даходзілі.
Каб лепей ведаць сваю культуру
— Якая ў вас мара ў жыцці?
— Мара кожнага дарослага чалавека — мець шчаслівую сям’ю, каб з’явіліся дзеці, можна было весела праводзіць час з імі, жонкай. Каб усё было суцэльна, ніякіх канфліктаў. А мара ў прафесіі — каб вучні палюбілі беларускую мову. Мы жывём у краіне, у якой дзве дзяржаўныя мовы, таму дзецям падчас цяжка зразумець, якая культура для іх з’яўляецца роднай.
Дома часцей за ўсё яны размаўляюць на рускай мове. Нічога супраць гэтага не маю. Але мова з’яўляецца адным з асноўных складнікаў культуры. З-за таго, што дзеці мову не ведаюць, яны забываюць пра шырокую беларускую культуру, якая моцна завязана з мовай. Самая значная мая мара — каб дзеці ведалі родную мову, даследавалі культуру, маглі суіснаваць у роўных адносінах з рускай і беларускай мовамі.
— Кажуць, вы выкладаеце мову бежанцам з сектара Газа?
— Я ў іх зараз вяду рускую мову як замежную. Калі толькі мне пра іх сказалі, было вельмі складана ўвогуле зразумець, як гэта будзе адбывацца. Маладыя людзі ва ўзросце ад трэцяга класа да першага курса ўніверсітэта, гэта значыць, што разбежка ў гадах вельмі вялікая. Спачатку мне сказалі, што яны рускую мову не ведаюць зусім. Але аказалася, што бежанцы не ўмеюць чытаць, пісаць па-руску, але крыху размаўляюць. І таму ўсё аказалася куды прасцей. Але працы там шмат, таму што цяжка растлумачыць, што ў рускай мове ў слове “молоко” літара “о” чытаецца, як “а”, як правільна напісаць, для іх гэта “космас” на цяперашні момант. Але алфавіт яны вывучылі даволі добра. Некаторыя ўжо ўмеюць чытаць і пераказваць тэксты. Але пісьмо пакуль мы адкладаем.
— Мабільнымі перакладчыкамі карыстаюцца?
— Ім прасцей у мяне спытаць. Яны ведаюць крыху англійскую мову, таму нам прасцей наладжваць кантакт праз англійскую.
— Як вам такі вопыт?
— Здораўскі. Крута працаваць з іншаземцамі, таму што за ўсе тры гады работы гэта капітальна новы шлях для развіцця. І гэты вопыт лёгка можна перанесці на школьныя класы, толькі там чалавек у пяць разоў больш, чым гэтых бежанцаў.
— Ёсць яшчэ мары?
— Каб людзі чыталі. Не толькі перакладную замежную літаратуру, не толькі пасты ў сацыяльных сетках, у Інтэрнэце. Чыталі ўсё, пачынаючы з газет, часопісаў. На розных мовах. Можна пашырыць свае погляды. Ёсць вельмі многа цікавых беларускіх твораў, у якіх можна прасачыць таксама і за культурай, развіццём мовы, суіснаваннем рускай і беларускай моў, нацыянальнымі традыцыямі. Напрыклад, я раю прачытаць “Людзі на балоце” Івана Мележа — класічны твор беларускай прозы. А яшчэ мая любімая кніга на роднай мове — “Сэр-
ца на далоні” Івана Шамякіна. Вельмі цікавы раман, які раскрывае трагічныя гісторыі жыцця людзей у часы Вялікай Айчыннай вайны, а таксама подзвіг доктара, якога можна лічыць Чалавекам.
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.