Рубрыка “Слова пра мову”. Спаткацца - спаткнуцца, змушаць - мусіць, замах - замашка. Адчуй розніцу! - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Воскресенье, 19 Марта 2023 18:24

Рубрыка “Слова пра мову”. Спаткацца - спаткнуцца, змушаць - мусіць, замах - замашка. Адчуй розніцу!

21 сакавіка сонца перасячэ экватар і перамесціцца з Паўднёвага ў Паўночнае паўшар’е — з гэтага моманту не толькі надыдзе сапраўдная астранамічная вясна, але і наступіць новы астралагічны год. Цемру і холад зменяць святло і цяпло. Новае жыццё можна пачынаць не толькі з Новага года, але і з дня вясенняга раўнадзенства.

Спаткаюцца (ці спатыкаюцца?) у гэты дзень зіма, якой ужо вынесены прысуд (ці суд?) саступіць цяплу, з вясною, што змушае (ці мусіць?) холад адступіць. Зіма яшчэ не раз здзейсніць замах (ці замашку?) вярнуцца і спробу (ці пробу?) затрымацца. Але гаспадарлівая (ці гаспадарчая? ці гаспадарская?) вясна падолам сонечнай спадніцы (ці споднікаў?) ужо зямлю адаграе.

АДЧУЙ РОЗНІЦУ

Спаткацца (рус. встретиться, увидеться, сойтись). Трапіцца насустрач, сутыкнуцца, дакрануцца. Спаткаліся закаханыя штовечар.

Спаткнуцца (рус. споткнуться, оступиться, запнуться). Заходзячы ў хату, штораз спаткнуся аб парог.

Прысуд (рус. приговор). Рашэнне суда або іншай арганізацыі меркаванне. Прысуд быў вынесены строгі.

Суд (рус. суд). 1. Дзяржаўная ўстанова. 2. Судовы працэс. 3. Думка, меркаванне, ацэнка. Справа аб злачынстве была заслухана ў судзе.

Змушаць (рус. вынуждать, принуждать). Прымушаць. Змушаць яго ніхто не мае права.

Мусіць (рус. быть должным). 1. Быць прыняволеным, абавязаным. Старэйшы ў сям’і мусіць быць прыкладам для малодшых. 2. Пабочн. (рус. вероятно, пожалуй, должно быть, видно, никак). Ён, мусіць, забыў пра лекцыі ў суботу.

Замах (рус. покушение, посягательство, взмах, размах). Спроба пазбавіць жыцця; захапіць, нанесці страту; адвесці руку для ўдару. Замах на жыццё — страшнае злачынства.

Замашка (рус. замашка). Манера, звычка, схільнасць. Жывучы ў вёсцы, замашкі меў гарадскія.

Спроба (рус. попытка). Намаганне зрабіць што-небудзь. Першая спроба можа быць няўдалай.

Проба (рус. испытание). Выпрабаванне. Пробу на вынослівасць вы прайшлі.

Гаспадарлівы (рус. хозяйственный). Руплівы, ашчадны, эканомны ў вядзенні гаспадаркі. Чалавекам ён быў гаспадарлівым.

Гаспадарскі (рус. хозяйский). Які належыць гаспадару. Гаспадарскія пакоі былі шыкоўныя.

Гаспадарчы (рус. хозяйственный). Звязаны з вядзеннем гаспадаркі. Гаспадарчыя пабудовы размяшчаліся амаль побач.

Спадніца (рус. юбка). Жаночае адзенне. Частка сукенкі ад таліі ўніз. З-пад доўгай спадніцы выглядалі зграбныя чаравікі.

Споднікі (рус. подштанники, исподники). Доўгія сподныя штаны. Споднікі ледзь трымаліся вяроўкаю на жываце.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 252 раз Печать