Вёска Мачуліна адзначыла сваё 475-годдзе - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Вторник, 20 Июня 2017 10:33

Вёска Мачуліна адзначыла сваё 475-годдзе

У кожнага чалавека ёсць такое месца, дзе душа адпачывае, дзе сонца свецiць больш ласкава, дзе сэрца застаецца i думкамi куды вяртаешся на працягу ўсяго жыцця. Гэта маленькая Радзiма, родная мясцiна, незабыўны куточак.

Мачулiна — невялiкая кропачка на карце Беларусi, маленькая парушынка ў сусвеце, але ж самая дарагая сэрцу людзей, якiя тут нарадзiліся, выраслі і жывуць. А калі бярэ пачатак гісторыя гэтага запаветнага куточка? Каранямі яна ідзе ў сярэдзіну шаснаццатага стагоддзя. Спачатку гэта была вёска Ваўкавыскага павета Навагрудскага ваяводства ВКЛ, належыла некалькім князям. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай Мачуліна знаходзілася ў Ваўкавыскім павеце Слонімскай губерніі, а з 1801 года адышла да Гродзенскай губерніі. Пабыла вёска і ў складзе Польшчы — Роскай гміне Ваўкавыскага павета Беластоцкага ваяводства. У Вялікую Айчынную вайну з канца чэрвеня 1941 года да сярэдзіны ліпеня 1944 года была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У 1944 годзе адышла да Лічыцкага сельскага савета Гродзенскай вобласці, а ў 1958 годзе стала вёскай-цэнтрам Мачулінскага сельскага савета. Паводле перапісу насельніцтва ў 1970 годзе тут пражываў 341 жыхар, а на сённяшні дзень — 421. Зараз вёска ўваходзіць у Краснасельскі сельскі савет Ваўкавыскага раёна. Да нашых дзён у Мачуліна захаваліся рэшткі палацава-паркавага комплексу 19-га стагоддзя, каменны магільнік эпохі Сярэднявечча (15—17 ст.), фундамент ад касцёла на Кальвінскай гары.

Сёлета вёсцы споўнілася 475 год. З гэтай нагоды ў суботу, 17 чэрвеня, у Мачуліна адбылося свята пад назвай «Вёсачка мая!», на якое прыбылі прадстаўнікі мясцовай ўлады, духавенства, грамадскіх аб'яднанняў і арганізацый раёна. Але галоўнымі «віноўнікамі» ўрачыстасці, вядома ж, былі самі жыхары вёскі, сіламі якіх да свята ў Мачуліна быў наведзены ідэальны парадак. Менавіта на гэтым зрабіла акцэнт у сваім выступленні, адкрываючы мерапрыемства, старшыня Краснасельскага сельсавета Людміла Дзямешчык:

— Кожны жыхар вёскі Мачуліна ўносіць пасільны ўклад у росквіт роднай зямлі, імкнецца зрабіць яе чысцей і прыгажэй. Асабліва хочацца вылучыць старасту Станіслава Леуту, актыўнасці якога могуць пазайздросціць многія. Дзякуй арганізацыям, якія дапамагалі ў падрыхтоўцы да гэтага знакавага мерапрыемства.

З нагоды святочнай даты ў Мачуліна адбылося адкрыццё памятнага знака — камня з усталяванай таблічкай, якая распавядае пра дату заснавання мястэчка і аб колькасці жыхароў, якія пражываюць у ім. Права перарэзаць чырвоную стужку было прадастаўлена старшыні райвыканкама Міхаілу Сіцько, старшыні Краснасельскага сельсавета Людміле Дзямешчык, гендырэктару ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» Валянціну Вераціла і кіраўніку КСУП «Няверавічы» Казіміру Вераб’ю.

Перад прысутнымі выступілі святары каталіцкай і праваслаўнай канфесій: настаяцель храма ў гонар Узвіжання Крыжа Гасподняга айцец Аляксандр і пробашч касцёла Святой Тройцы ксёндз Чэслаў. Яны пажадалі росквіту вёсцы, міра, згоды ўсім яе жыхарам і правялі кароткі малебен з асвячэннем памятнага знака.

Не засталіся ў баку і прадстаўнікі раённай ўлады. Старшыня райвыканкама Міхаіл Сіцько і яго намеснік Ігар Кашкевіч падкрэслілі, што Мачуліна адзначае годную пашаны дату, а памятны знак стане добрым напамінам аб гэтай важнай падзеі для ўсіх жыхароў вёскі і яе гасцей. Ганаровую грамату райвыканкама з рук Міхаіла Міхайлавіча атрымаў стараста вёскі Станіслаў Леута.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў урачыстага мерапрыемства звярнуўся і старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Вячаслаў Гусак. Ён падзякаваў самых актыўных жыхароў вёскі — членаў грамадскага аб’яднання і ўручыў ім Ганаровыя граматы.

Працягнулася мерапрыемства на святочнай сцэне, дзе адбыліся ўшанаванне жыхароў вёскі і канцэрт з удзелам творчых калектываў і самадзейных артыстаў Ваўкавышчыны.

Падарункі ад Ваўкавыскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа атрымалі доўгажыхарка вёскі 104-гадовая Леанарда Іванаўна Марка і самы маленькі яе жыхар трох месячны Арцём Мяшкевіч. Цёплыя словы віншаванняў прагучалі і ў адрас адразу некалькіх шматдзетных сем’яў вёскі. Не забыліся і пра вязняў фашысцкіх лагераў Валянціну і Віктара Скок, якія пражываюць у вёсцы разам з сынам. Узрост бярэ сваё, цяжкавата стала ўпраўляцца без дапамогі, вось яны і пакінулі родныя мясціны на Брэстчыне і завіталі ў гасцінную вёску Мачуліна.

Таксама былі адзначаны тыя, хто шмат гадоў працаваў у ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» і ў мясцовым КСУП. Падарункі работнікам гэтых прадпрыемстваў уручылі гендырэктар краснасельскага цемзавода Валянцін Вераціла і дырэктар КСУП «Няверавічы» Казімір Верабей.

І, вядома, якое ж свята без песень і танцаў. Добры настрой усім прысутным дарылі народныя ансамблі «Медуніца» і «Сваякі», шматлікія сольныя выканаўцы з розных куткоў ваўкавыскай зямлі, у тым ліку і мачулінскія таленты. Для дзяцей былі арганізаваны атракцыёны, гульнёвыя праграмы, мабільная перасоўная бібліятэка, працавалі кропкі грамадскага харчавання.

Прыгожае і запамінальнае свята прайшло ў цёплай і сяброўскай атмасферы, пакінула ў сэрцах мачулінцаў і гасцей вёскі прыемныя ўражанні і падарыла добры летні настрой.

Відэа са свята вёскі Мачуліна глядзіце ТУТ.

Больш здымкаў са свята ТУТ.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 3600 раз Печать