Яны плануюць яшчэ прыехаць у Беларусь - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Пятница, 22 Июня 2018 15:28

Яны плануюць яшчэ прыехаць у Беларусь

22 чэрвеня – асаблівая дата ў календары. Дзень жалобы па ахвярах вайны. Якую дарагую цану заплаціў беларускі народ за Перамогу! Дакладная лічба ахвяр невядома нават зараз. Колькі іх, невядомых і безыменных, аддалі сваё жыццё ў гады вайны? Колькі з іх яшчэ застаюцца невядомымі? Але бываюць выпадкі, калі постаць забытай ахвяры нацызму паўстае з небыцця.

Аб гэтым наша гісторыя, якая пачалася некалькі месяцаў назад, калі на адзін з беларускіх гістарычных пошукавых сайтаў звярнуўся грамадзянін Польшчы Марыуш Грэйнер. Ён шукаў інфармацыю аб сваіх продках, якія жылі ў вёсцы Длугапаль Ваўкавыскага раёна ў даваенны перыяд. Так атрымалася, што невялічкі тэкст аб былым маёнтку ў Длугапалі на гэтым сайце размясціла вучаніца нашай школы. Менавіта гэты артыкул пан Грэйнер і знайшоў. Вырашыў напісаць, каб даведацца, ці не зможам мы, мясцовыя краязнаўцы, яму дапамагчы.

Зразумела, мы згадзіліся. Задача стаяла простая на першы погляд: адшукаць магчымых сваякоў Пятра і Ядзвігі Явароўскіх. У Воўпе і Кавалях жывуць Явароўскія, але, як аказалася, проста аднафамільцы. Марыуш Грэйнер паведаміў дадатковую інфармацыю: у Пятра і Ядзвігі Явароўскіх было чацвёра дзяцей: дачкі Марыя, Руфіна і Гэлена і сын Уладзіслаў, які быў каталіцкім святаром. “Магчыма, — пісаў Марыуш, — мясцовыя людзі памятаюць ксяндза Уладзіслава.”

Не маючы вялікай надзеі на станоўчы адказ, мы звярнуліся да адной са старэйшых жыхарак Воўпы Казімеры Пятроўны Гарбачэўскай. 91-гадовая жанчына мае добрую памяць і ахвотна дзеліцца ўспамінамі аб жыцці “за польскім часам”. Да таго ж яна нарадзілася і вырасла ў Длугапалі.

— Казімера Пятроўна, можа, вы чулі што-небудзь пра ксяндза Уладзіслава Явароўскага? — запыталі мы.

— А як жа. Гэты ксёндз рыхтаваў нас, малых, да экзамену на лекцыях па рэлігіі. Я добра памятаю яго бацькоў і сясцёр, бо яны ўсе жылі ў Длугапалі, але пасля вайны выехалі ў Польшчу. А дом Явароўскіх і сёння стаіць на сваім месцы, толькі там ужо іншыя гаспадары.

Гэта быў першы поспех. Сталі апытваць сваіх калег у школе. Магчыма, камусьці з мясцовых настаўнікаў вядома імя Уладзіслава Явароўскага. Аказалася, што ў сям’і філолага Генадзя Дзямешчыка не толькі ведалі пра такога чалавека, але нават захавалі памятную картку аб першай імшы, якую правёў малады ксёндз Уладзіслаў Явароўскі 21 мая 1939 года ў касцеле ў Воўпе. Цяпер было аб чым напісаць у Польшчу нашчадку Явароўскіх Марыушу Грэйнеру.

Мяне асабіста найбольш цікавіла пытанне: які лёс напаткаў сям’ю Явароўскіх, што прымусіла іх выехаць з Длугапаля? Завязалася актыўная перапіска, у выніку якой Марыуш Грэйнер расказаў трагічную гісторыю сваіх продкаў.

Пётр і Ядзвіга Явароўскія даводзіліся пану Марыушу прадзедам і прабабкай. Да рэвалюцыі 1917 года яны жылі ў Расіі, але вымушаны былі пераехаць у Заходнюю Беларусь, дзе ў Длугапалі жылі сваякі. Абжыліся на новым месцы, у 1932 годзе пабудавалі прасторны дом. Сям’я была руплівая, Пётр працаваў на чыгунцы, а Ядзвіга ўпраўлялася дома з гаспадаркай і з дзяцьмі. Дачкі былі добрыя рукадзельніцы, умелі шыць, вязалі шыдэлкам сурвэткі з карункамі. Адна з дачок, Марыя, вучылася спачатку ў свіслацкай гімназіі, затым у гродзенскай настаўніцкай семінарыі. Потым выйшла замуж за Фелікса Грэйнера, нарадзіла дзетак — сына Войтэка і дачушку Аню.

А што ж адзіны сын Явароўскіх — Уладзіслаў? Хлопец быў вельмі здольны да навукі. Закончыў спачатку польскую “падставовую” школу ў Воўпе, і бацька не пашкадаваў грошай, каб адправіць сына вучыцца далей у свіслацкую гімназію. Затым Уладзіслаў паступае ў духоўную семінарыю ў горадзе Янаў Падляскі, дзе паказвае выдатныя поспехі. Становіцца святаром, і ў маі 1939 года праводзіць сваю першую імшу ў ваўпянскім касцеле святога Яна Хрысціцеля. Напэўна, мясцовыя жыхары-каталікі вельмі ганарыліся сваім земляком, які абяцаў быць сапраўдным добрым пастарам. Ксёндз Уладзіслаў быў накіраваны ў невялічкую парафію ў Люблінскім ваяводстве, але раптоўна пачалася вайна — 1 верасня 1939 года Германія напала на Польшчу. Верагодна, малады святар удзельнічаў у антыфашысцкім руху супраціўлення, таму што 16 верасня 1940 года яго арыштавалі. Ён прайшоў праз допыты і катаванні ў турмах гестапа, і
9 студзеня 1941 года апынуўся ў канцлагеры Асвенцым пад нумарам 8675. Гэта быў апошні пункт страшнай вандроўкі, зваротнай дарогі з Асвенцыма не было.

Дакладна невядомы дзень смерці ксяндза Уладзіслава. Па архіўных звестках гэта 12 альбо
13 студзеня 1941 года, па ўспамінах сведкаў — 11 сакавіка таго ж года. У любым выпадку на момант гібелі Уладзіславу Явароўскаму было толькі 28 гадоў. Бацькі не зналі аб трагедыі да самай смерці, яны спадзяваліся, што сын жывы. Толькі ў 2015 годзе Марыуш Грэйнер атрымаў дакладную інфармацыю пра лёс свайго родзіча.

Разам з Уладзіславам быў арыштаваны яго швагер Фелікс Грэйнер (дзед Марыуша). Акупанты чыталі прозвішча на нямецкі манер — Грайнер, лічылі Фелікса апалячаным немцам і неаднаразова прапаноўвалі падпісаць “фольксліст” — пацвердзіць сваё нямецкае паходжанне. Фелікс адмовіўся, за што быў адпраўлены ў канцлагер Майданэк. Там цяжка захварэў. Нейкім цудам сям’і Явароўскіх удалося выкупіць Фелікса з лагера смерці. Ён яшчэ паспеў убачыць жонку Марыю і дзяцей, але праз тыдзень памёр.

Боль і гора пасяліліся ў некалі вясёлым доме Пятра і Ядзвігі Явароўскіх. Яны аплаквалі смерць зяця, нічога не ведалі пра лёс свайго адзінага сына. А тут яшчэ стала слабець малодшая дачка Гэленка. Дыягназ урачоў прагучаў як прысуд — туберкулёз. Ад “сухотаў”, як тады казалі, лекаў не існавала. Маладая дзяўчына памерла ва ўзросце крыху больш за 20 гадоў. Для Явароўскіх гэта быў страшэнны ўдар.

Пасля заканчэння вайны Пётр і Ядзвіга спрабавалі адшукаць хоць якія звесткі пра сына. Але колькі людзей тады шукалі сваіх родных, якіх вайна параскідвала па ўсім свеце! Так нічога і не даведаўшыся, Пётр Явароўскі памёр у 1949 годзе. Ядзвіга засталася адна, бо да таго часу Марыя Грэйнер другі раз выйшла замуж і выехала ў Польшчу. Руфіна таксама была замужам. Больш нічога не трымала Ядзвігу ў Длугапалі. Яна прадае дом і едзе ў Польшчу, дзе спадзяецца знайсці сына. Напэўна, напрыканцы жыцця жанчына зразумела, што Уладзіслава няма сярод жывых. Яна хоча быць разам з сынам хоць пасля смерці. Таму на надмагільным помніку Ядзвігі Явароўскай напісана, што гэтая магіла — сімвалічнае месца пахавання Уладзіслава Явароўскага, вязня Асвенцыма.

Трагедыя сям’і Явароўскіх кранула сучасных жыхароў Воўпы і Длугапаля. У сваю чаргу Марыуш Грэйнер быў вельмі ўдзячны за дапамогу ў пошуку інфармацыі і ўзрушаны тым, што мясцовыя людзі яшчэ памятаюць яго продкаў. У пачатку чэрвеня Марыуш і Івона Грэйнер упершыню прыехалі ў Беларусь. Наведалі дом Явароўскіх у Длугапалі, спрабавалі знайсці магілу прадзеда Пятра на ваўпянскіх могілках, прысутнічалі на імшы ў касцеле, дзе вернікі маліліся за душу замучанага ў канцлагеры ксяндза Уладзіслава. Сустрэліся з Казімерай Пятроўнай Гарбачэўскай, завіталі ў школьны музей, дзе на адным з даваенных фотаздымкаў пазналі сярод вучняў Гэленку Явароўскую.

Пан Марыуш так апісвае свае пачуцці ад візіту ў Длугапаль: “Мне здаецца, я вярнуўся туды, дзе мяне даўно чакалі… Колькі ўсяго я хачу расказаць маім продкам і колькі яны маглі б расказаць мне”. Івона і Марыуш былі крануты гасціннасцю і дабразычлівасцю беларусаў, ім вельмі спадабаліся нашы краявіды, абслугоўванне ў санаторыі “Энергетык”. Яны плануюць прыехаць у Беларусь яшчэ, каб сваім дзецям паказаць зямлю продкаў.

Гісторыя нашай малой радзімы папоўнілася яшчэ адной старонкай. Цяпер, калі я буду гавырыць з вучнямі аб Другой сусветнай вайне, абавязкова раскажу ім аб нашым земляку — маладым святары Уладзіславе Явароўскім, вязні Асвенцыма пад нумарам 8675.

Тэрэса Кудрык.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 2444 раз Печать