Перадсвяточныя авантуры - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Воскресенье, 11 Декабря 2022 17:43

Перадсвяточныя авантуры

Глянула на каляндар і схамянулася: праляцеў цэлы тыдзень першага зімовага месяца. Да канца года засталося трохі больш за дваццаць дзён. Хутка перагорнем у календары апошнія лісты 2022 года. Здаецца, зусім нядаўна яго пачыналі. А ўжо 2023-ці ў дарозе.

Лічаныя тыдні да новага года. А колькі ўсяго яшчэ трэба паспець! Стварыць перадсвяточную атмасферу ў доме — ёлка, ліхтарыкі, пах мандарынаў. Саставіць меню навагодняга стала, скласці спіс прадуктаў для яго і набыць іх у крамах. Вызначыцца, нарэшце, з падарункамі ад Дзеда Мароза для дзецей. Вывучыць вершы, песні, прыдумаць касцюм на навагодні ранішнік для малодшай дачкі. Настроіць не толькі на святочныя канікулы, але і на сур’ёзную, адказную зімовую сесію старэйшага сына. Здавалася б, усё як заўсёды, штогод адно і тое ж, але штораз па-новаму галава кругам! Тым не менш, уся гэтая, з года ў год аднолькавая, перадсвяточная, калядна-навагодняя мітусня прыносіць больш задавальнення, чым клопату.

Ды і ў чым сёння клопаты? Узяць хаця б святочны стол. Не трэба адстойваць вялізныя чэргі за селядцом, няма неабходнасці невядома як даставаць кансерваваны зялёны гарошак, ніякай патрэбы загадзя запасацца маянэзам. У сучасных крамах няма хіба толькі птушынага малака (ды і тое ў выглядзе цукерках “еш — не хачу”). Сёння накрыць святочны стол можна хутчэй, лягчэй і смачней. Літаральна ўсё можна купіць ледзь на за некалькі гадзін да Новага года. Далікатэснае ўжо не дэфіцытнае, а дэфіцыт далёка не далікатэс. Здавалася б, цудоўна! Але некаторыя з нас, для каго далікатэс і дэфіцыт у свой час былі словамі-сінонімамі, прызнаюцца, што ў мандарынавым паху сучаснай даступнасці страцілі дух савецкага перадсвяточнага авантурызму…

Хаця авантураў і сёння хапае. Вось вы, напрыклад, лічыцеся з гаспадаром надыходзячага года, калі накрываеце святочны стол? Я некалькі разоў спрабавала, а пасля пакінула гнацца за гастранамічнымі традыцыямі і застольнай модай. Вясковае выхаванне, па ўсім відаць, не дазваляе. Ну хто, скажыце, забіўшы ў вёсцы на Каляды кабана, Новы год будзе сустракаць скаромна? Я спрабавала эксперыментаваць. То без мяса святочны стол пакідала, а гасцей сустракала выключна салатамі. То частавалася пад бой курантаў толькі салодкім (і, вядома, паўсалодкім) ды садавінай, у тым ліку экзатычнай. Але, як цяпер кажуць, не зайшло. Ну не ўяўляю я сабе першага-другога студзеня без яшчэ смачнейшых на наступны дзень аліўе і селядца пад шубаю, разагрэтых катлет і адбіўных з мінулагоднім бульбяным пюрэ. І на гэты раз Чорны Трус няхай выбачае. Нават калі яго год традыцыйна патрэбна будзе сустракаць выключна з морквай і капустай, на маім стале яны, безумоўна, будуць — толькі ў выглядзе… галубцоў.

Навагодняя ёлка і тая кідаецца ў авантуры — змяняецца, пераўтвараецца, абнаўляецца. Зусім нядаўна быў попыт на штучныя. Сёння, нягледзячы на такое наступства, як ігліца па ўсёй хаце, у моду актыўна вяртаюцца натуральныя лясныя прыгажуні. Яшчэ некалькі гадоў назад для ўпрыгожвання я купляла амаль аднолькавыя цацкі-шарыкі, якія ідэальна пасавалі адзін да аднаго. Цяпер жа мода на антыкварныя ўпрыгожанні, што засталіся яшчэ ад бацькоў ці нават бабуль-прабабуль. Хіба і я папрашу прабачэння ў савецкіх ёлачных цацак, што некалькі гадоў таму былі клапатліва складзены ў каробку і пакінуты высока і глыбока ў антрысолях бацькоўскай хаты…

У мяне штогод адна і тая ж авантура: што Дзядуля Мароз пакладзе пад ёлку? Не толькі мая праблема, праўда? Сучасных дзяцей можна здзівіць, толькі …нічога не купіўшы. Чаго толькі сёння ў іх няма! Я штораз разгубляюся перад паліцамі ў цацачных крамах. Што купіць? Здаецца, і тое было, і гэтае. Такія разгубленыя твары, як у бацькоў у дзіцячых крамах перад Новым годам, бываюць хіба толькі ў мужчын напярэдадні 8 Сакавіка перад прадаўцамі касметыкі і парфумаў. Бедны Дзядулечка Мароз! Прайшлі тыя часы, калі падарункам лічылася торбачка з цукеркамі, арэхамі ды лялька, мядзведзік або машынка. Сёння гэтыя навагоднія сюрпрызы павінны быць, як мінімум, інтэрактыўнымі. Таму сучасныя бацькі ўсё часцей выбіраюць зусім не цацачныя і далёка не дзіцячыя падарункі для маленькіх гарэзаў. Мроіць пра айфон ці айпад і папрасіць яго ў Дзядулі Мароза — бяспройгрышная навагодняя дзіцячая авантура…

Вось так традыцыйна і справаджваю апошнія тыдні старога года, вырашаючы дзве асноўныя перадсвяточныя задачы: што падарыць і чым частаваць? А паколькі здзіўляць — справа няўдзячная, то нават і спрабаваць не буду. Ні родных дзяцей, ні дарагіх гасцей. На стале будуць традыцыйныя стравы, якія на наступны дзень яшчэ смачнейшыя. А пад традыцыйна ўпрыгожанай ёлкай — традыцыйныя падарункі, якія штогод аднолькава нечаканыя. А з пахам першага пачышчанага мандарына ў доме традыцыйна запануе перадсвяточны дух авантурызму.

Ці не надакучыла штогод адно і тое ж, спытаеце? Няўжо не хочацца змяніць прывычнае і традыцыйнае на новае і нязвыклае? Ніколі і ні разу. Не авантурыстка я, відаць. Хочацца яшчэ многа гадоў вось так — штогод аднолькава — рыхтавацца да зімовых святаў. Шукаць падарункі для сваіх дзяцей. Абмяркоўваць святочныя стравы з мамай. Даставаць з бацькам ёлачныя цацкі з антрысоляў. Віншаваць родных і блізкіх. Для мяне ўся святочная асаблівасць менавіта ў яе штогадовай аднолькавасці.

А вы ўжо ўвязаліся ў перадсвяточную авантуру?..

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 589 раз Печать