“Такого снегопада, такого снегопада давно не помнят здешние места…”, — круцілася ў галаве, але было зусім не да песень. А снег, вядома, “не ведаў і падаў”, дорачы шчасце і радасць дзецям, а трывогу і клопат — дарослым. У мінулую нядзелю я таксама з хваляваннем паглядвала ў акно: ці прыедзе ў такую снежную замець гарадскі аўтобус? Не ісці ж сыну з сумкаю пехатою да чыгуначнага вакзала, каб паехаць на вучобу ў Гродна? Як вядома, “нашы людзі ў булачную на таксі не ездзяць”. Але, дзякаваць Богу, вадзіцелям нашага аўтобуснага парка і, вядома, работнікам камунальных службаў, “адзінка”, няхай і з невялікай затрымкай, курсіравала-такі па раскладзе. Вы, дарэчы, правільна пачулі аб усіх, каму я, без усялякага скепсісу, шчыра падзякавала.
У панядзелак жа, як заўсёды, я вяла дачку ў дзіцячы садок і сама ішла на работу. Не без перашкод, вядома. І якіх! Ад снегу вызвалены былі толькі праезжыя часткі горада. Даводзілася пастаянна пера-
адольваць бясконцыя снежныя сумёты. Думаеце, гэта выклікала раздражнёнасць, злосць, незадавальненне? А ні трошкі! Маё дзіця з радасцю ступала ў самыя глыбокія снежныя гурбы, са смехам правальвалася ў іх ледзь не па калена, падала, паднімалася, бясконца хахатала. І так усю дарогу. Такой радаснай і шчаслівай, ідучы раніцай у садок, Соня была, хіба што, некалькі заснежаных дзён мінулай зімой. І я проста вымушана была саставіць ёй кампанію. Не псаваць жа сабе такі рэдкі зімовы настрой у сапраўдную снежаньскую раніцу. Дабірацца да работы адной было ўжо значна лягчэй. Дварамі і цераз гарадскі парк, як штораз карацей, вядома, не атрымалася: яны былі занесены снегам. Прыйшлося абыходзіць. Выгляд заснежанай плошчы, што зіхацела навагодняй ілюмінацыяй, ледзь не каштаваў мне спазнення на работу — яна была настолькі па-зімоваму перадсвяточнай і прывабнай, што я мімаволі залюбавалася.
Такі шчыра-зімова-чароўны настрой мне сапсавалі… сацыяльныя сеткі, якія з пачаткам снежнай стыхіі проста “занесла” каментарыямі ў адрас камунальных службаў, якія, са слоў незадаволеных, як заўсёды, аказаліся не гатовыя да зімы і традыцыйна не спраўляюцца са сваімі абавязкамі. Прычым, гэта я мякка абагуліла шчыра-зласлівыя каментарыі, ад якіх больш, чым ад ранішняга марозу, проста ледзянела душа і халадзела сэрца. Пачытаць — дык складвалася ўражанне, што не зіма прыйшла са снегам, а проста канец свету надышоў.
Нешта дзіўнае, людзі, адбываецца з намі. З некаторае пары мы сталі імкнуцца бачыць толькі негатыў нават у тым, што павінна прыносіць выключна радасць. І рэагуем настолькі востра, што лічым сваім доўгам укалоць, як можна больш балюча, як мага больш людзей. Вы сапраўды лічыце, што плюсавая тэмпература, дажджы, паўсюдная шэрасць і цемра зімой — гэта лепш, чым мароз, снег, сонечнае надвор’е і белы прастор? З’явы прыроды, якія ў прынцыпе лічацца нормай, мы чамусьці сталі ўспрымаць як “аранжавы ўзровень небяспекі”. З непрывычкі, ці што? Мы непрыкметна перасталі любіць сонечную спёку, зацяты дождж, кароткі лістапад, снежную завіруху. Мы так прызвычаіліся да рэжыму “дом-машына-работа” (і ў адваротным парадку), што ніякай іншай альтэрнатывы нават не разглядваем. Вядома, каб прайсціся пехатою ці паспець на грамадскі транспарт, патрэбна, магчыма, раней прачнуцца-
устаць-сабрацца. Але ж гэта не бывае часцей, чым снежная стыхія, праўда? Мы ў “экстрымальных” сітуацыях лічым за лепшае абрушыць “стыхію” абвінавачванняў на “спецыяльна навучаных” людзей. Проста дзіву даешся. Чалавек, седзячы дома на канапе, гледзячы на мяцеліцу праз акно, сёння кляне ў сацыяльных сетках камунальныя службы за тое, што заўтра ён ледзьве даедзе, куды яму патрэбна, на ўласным аўтамабілі. І часу на гэта не шкада. А, між іншым, яго можна было б патраціць на тое, каб расчысціць снег на стаянцы не толькі для свайго аўтамабіля ці прачысціць сцежку не толькі для сябе. Ці не так? Эх, каб гэта нашыя старанні ў сацыяльных сетках ды ў рэальнае жыццё!..
Ужо чую “нагнаўшае аскому” — “для гэтага ёсць спецыяльна навучаныя людзі” або папулярную варыяцыю “калі я пайду з лапатай чысціць снег, то няхай камунальнікі за мяне выконваюць маю работу”. Дзіўна чуць такія аргументы ад дарослых людзей. Скажыце, а вы ўсім так адказваеце на просьбы аб дапамозе? Калі маці, напрыклад, просіць памыць посуд, бацька — перакапаць агарод, дзіця — дапамагчы з урокамі, вы таксама згаджаецеся на дапамогу пры ўмове, што ў гэты час яны выканаюць адкладзеную вамі асабістую работу. Вядома, не. Гэта ж родныя людзі, праўда? А няродным, няблізкім, чужым — ніхто, нікому, нічога не павінен. Так?..
Прынята лічыць, што бяда, праблемы, цяжкасці сплочваюць людзей, аб’ядноўваюць іх. Але сёння чамусьці наша чалавечнасць не вытрымлівае выпрабаванне ніводнай стыхіяй. Ды і ці можна назваць стыхіяй мяцеліцу і снежныя сумёты зімой? Часам здаецца, што людзі самі раздзьмухаюць звычайную, хаця і нязвыклую ў апошнія гады, з’яву прыроды да небяспечнага — аранжавага, ўзроўню ў адносінах між сабою. Мы настолькі накаляем абставіны, што снег, як у беларускага класіка, становіцца сапраўды гарачым. Шкада толькі, аксюмарон не растопіць снежныя гурбы на вуліцы і не знізіць градус распаленых злоснымі каментарыямі сацыяльных сетак.
Прызнацца, я таксама некалькі апошніх дзён толькі і мару аб тым, каб прайсці па вызваленых ад снегу тратуарах уздоўж вуліц і шчодра пасыпаных пяском сцежках у парку спакойна і павольна, не баючыся паслізнуцца. На тое яны і камунальнікі, скажаце вы. Не, даражэнькія, дазвольце не пагадзіцца. На тое яна — сапраўдная зіма. Ну не даедзе да кожнага дома машына, што чысціць снег. Не дойдзе да кожнага пад’езда “спецыяльна навучаны” чалавек з лапатай. Нас, незадаволеных наступствамі прыродных катаклізмаў, значна больш, чым камунальнікаў. Іх на ўсіх не хопіць. Ды і ці павінна хапаць?..
Расчысціць стаянку для аўто, пачысціць дарожку для дзіцяці, якое ідзе ў садок ці вяртаецца са школы, для састарэлага чалавека, што выправіўся ў краму па хлеб і малако, для маладой маці, што выйшла на вуліцу з немаўлём у калясцы ды і наогул у першую чаргу проста ДЛЯ СЯБЕ — ці варта абясцэньваць такія звычайныя, але сапраўдныя ўчынкі ў такі, няхай сабе непрывычны, але сапраўдны снежань? Вядома, лягчэй і прасцей “чысціць” камунальныя службы і сыпаць пракляцці ў іх адрас у сацыяльных сетках, чым расчысціць снег і пасыпаць слізкую сцежку пяском каля свайго дома. Кожны павінен займацца сваёй справай? Вядома. Адны смецяць — другія прыбіраюць. Хтосьці чысціць дарогі, а нехта па іх, расчышчаных, ездзіць. Лагічна. Але ці чалавечна?..
Завеі ў снежні — гэта не канец свету. Давайце пакінем аранжавы ўзровень небяспекі прыродным стыхіям і будзем паважаць працу людзей у аранжавай форменнай вопратцы. Мандарынавага нам усім перадсвяточнага настрою!
Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.