Рубрыка “Слова пра мову”. трызненне - трызна, снежаньскі - снежны, ранішні - ранні. Адчуй розніцу! - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Суббота, 10 Декабря 2022 17:29

Рубрыка “Слова пра мову”. трызненне - трызна, снежаньскі - снежны, ранішні - ранні. Адчуй розніцу!

Відаць, не спраўдзяцца трызненні (ці трызны?) аб багацці. Дзе тыя снежаньскія (ці снежныя?) завеі? Дзе тыя ранішнія (ці раннія?) маразы? Зусім не па мудрагелістых (ці мудрых?) узорах на акенцах (ці аканіцах?) бядую. Аб азіміне (ці азімцы?), не прыкрытай ад холаду снегам, турбуюся.

Снежань год канчае, зіму пачынае.

Завеі. Снежань.

Снежань надышоў.

Дзе завеі?

А між іншым, мароз у снежні і снег вышэй хаты — будзе год тады багаты.

Эх, ні снегу высокага, ні марозу дужага…

Адчуй розніцу

Трызненне (рус. мечты). Мроі фантастычнага характару. У нездаровым стане цяжка разабраць, дзе сны, а дзе трызненні.

Трызна (рус. тризна). Пахавальны, памінальны абрад, памінкі па нябожчыку. Трызну падрыхтавалі адразу на могілках.

Снежаньскі (рус. декабрьский). Які мае адносіны да снежня. Першы снежаньскі дзень замест снегу дождж прынёс.

Снежны (рус. снежный). 1. Які мае адносіны да снегу. Прыйшоў час забаў снежных. 2. Пакрыты снегам. Ганак снежны — дзверы не адкрыць. 3. Падобны колерам да снегу. Бялюткі, снежны кажушок зграбна падрэсліваў тонкі стан. 4. Багаты на снег. Снежны дужа месяц быў.

Ранішні (рус. утренний). Які мае адносіны да раніцы. Паспаў бы яшчэ, ды ранішняе сонца промнямі казыча.

Ранні (рус. ранний). 1. Які з’яўляецца пачаткам. Гэта былі самыя раннія крокі даросласці. 2. Які наступае раней, чым звычайна. Ранняя зіма ў гэтым годзе. 3. Які мае адносіны да раніцы. Для касавіцы часу ранняга няма.

Мудрагелісты (рус. мудреный, замысловатый, причудливый, прихотливый). Замыславаты, вычварны, складаны. На шыбінах мароз пакінуў мудрагелістыя ўзоры.

Мудры (рус. мудрый). Абачлівы, разумны, празорлівы. Хлапчына мудры быў не па гадах.

Акенца (рус. оконце, окошко). Маленькае акно. Малы з цікавасцю нясмелай штораз выглядваў у акенца.

Аканіца (рус. ставня, ставень). Створкі для засцярогі акон знадворку. Гаспадары з’ехалі, і хата ўжо некалькі гадоў тужліва паглядае на вуліцу шчыльна зачыненымі аканіцамі.

Азіміна (рус. озимь). Пасевы, усходы азімых збожжавых. Снег сышоў з палёў, і азіміна расправіла ўсходы.

Азімка (рус. озимая пшеница). Азімая пшаніца (яравая — ярка). Азімка роўнымі радамі вясну вітае на палях.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 334 раз Печать