Рубрыка “Слова пра мову”. Падшэўка - падшыўка, харчы - харч, склеп - скляпенне. Адчуй розніцу! - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Суббота, 21 Октября 2023 15:30

Рубрыка “Слова пра мову”. Падшэўка - падшыўка, харчы - харч, склеп - скляпенне. Адчуй розніцу!

21 кастрычніка праваслаўныя вернікі ўшаноўваюць памяць святых Трыфана і Пелагеі. Пра гэты дзень у народным календары сказана: “Трыфан і Пелагея золкім ветрам вее”. Таму сёння прынята загадзя рыхтаваць зімовае адзенне, каб холад, што абяцае з кожным днём мацнець, не застаў знянацку.

Трыфан футра латае, а Пелагея рукавічкі шые. Сапраўднай гаспадыні не трэба было і швачкай (ці швейніцай? ці шаўцом?) быць, каб, узяўшы шаршатку (ці шэршня?) у рукі, падлатаць падшэўку (ці падшыўку?) у кажусе. А сапраўдны гаспадар на зіму харчы (ці харч?) у склепе (ці скляпенні?) прыхоўваў. Розныя восенькія прыкметы ў гэты дзень прадказвалі, якая сёлета (ці летась? ці пазалетась?) будзе зіма.

Адчуй розніцу

Швачка (рус. швея, портниха). Майстрыха па пашыве адзення. Яна на ўсю ваколіцу была швачкай.

Швейніца. Тое, што і швачка.

Шавец (рус. сапожник). Майстар па шыццю і рамонту абутку. Свайго шаўца ў вёсцы не было.

Шаршатка (рус. игла, толстая и длинная). Тоўстая і доўгая іголка. Шаршаткай латалі старасцю падзертыя мяхі.

Шэршань (рус. шершень). Насякомае сямейства вос. Над кветкамі гудзеў вялізны шэршань.

Падшэўка (рус. подкладка). Матэрыял, які прышываецца, прымацоўваецца з унутранага боку адзення або якога-н. вырабу. Узрост паліто выдавала падшэўка.

Падшыўка. 1. (рус. подшивка, подрубка, подмётка). Прышыванне спадыспаду; чаго-н. падагнутага, падкасанага. 2. (рус. подшивка). Стос падшытых газет, часопісаў, дакументаў. На стале ляжала тоўстая падшыўка мінулагодніх газет. 3. (рус. подшивка, подстёжка). Тое, што падшыта да чаго-н. спадыспаду.

Харчы (рус. съестные припасы, продукты, продовольствие, довольствие). Прыпасы прадуктаў; прадукты; забеспячэнне харчаваннем; характар, якасць ежы. За плячыма быў невялічкі клунак з дзе-якімі харчамі.

Харч. 1. (рус. еда, пища, питание). Тое, чым жывяцца; яда; харчаванне. Некаторыя харч прыносілі з дома. 2. (рус. корм). Корм для жывёлы.

Склеп 1. (рус. погреб, подвал, подполье). Спецыяльнае, паглыбленае ў зямлю памяшканне для захоўвання прадуктаў, бульбы, гародніны і інш. У склепе было холадна, вільготна і цёмна. 2. (рус. склеп погребальный). Закрытае падземнае памяшканне, дзе ўстанаўліваюцца дамавіны з нябожчыкамі.

Скляпенне 1. (рус. сводчатый потолок). Дугападобнае перакрыцце, якое злучае сцены, апоры збудавання. Скляпенне ўпрыгожвалі фрэскі. 2. (рус. небесный свод). Перан. Купал неба.

Летась (рус. в прошлом году). Разм. У мінулым годзе. Зіма летась была халоднай.

Сёлета (рус. в этом году). У гэтым годзе. Ураджай сёлета будзе багаты.

Пазалетась (рус. в позапрошлом году). Два гады назад. Ніхто ўжо не помніў, якая пазалетась была вясна.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 188 раз Печать