Рубрыка “Слова пра мову”. Белаваты - бялявы, ападкі - апад. Адчуй розніцу! - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Суббота, 04 Ноября 2023 14:25

Рубрыка “Слова пра мову”. Белаваты - бялявы, ападкі - апад. Адчуй розніцу!

Сёння — свята Казанскай іконы Маці Божай. У народным календары пра гэты дзень сказана: да Казанскай не зіма, а пасля — не восень. Зранку — дождж, а з вечара — снег. Выязджай на Казанскую на калёсах, а палазы з сабою прыхапі.

Па розных адзнаках (ці знаках?) адчуваецца дотык (ці стык?) зімы. Першы, яшчэ зусім нясмелы, белаваты (ці бялявы?) прымаразак можа крыху прыхапіць апошнія ападкі (ці апады?) у садзе, асцярожна пабаранаваць (ці пабараніць?) зямлю, злёгку скаваць усплёскі (ці воплескі?) на вадзе. Ведай, гаспадар, застаўляй дубэльты (ці дубальтоўкі?) у хаце ды вушанку (ці вушака?) з куфра даставай.

Адчуй розніцу

Адзнака (рус. отметка, обозначение, признак, предзнаменование, отметка, отличие). Метка, знак, прыкмета, акалічнасць, якія прадказваюць, па якіх вызначаюць што-н.; асаблівасць, рыса; ганаровы знак, ордэн, медаль. Гэтая ўзнагарода была адзнакай яго асабістых заслуг.

Знак (рус. знак, метка, след, отметина, символ, клеймо, значок). Метка, след, шрам, адбітак, умоўнае абазначэнне, кляймо, метка, значок, спецыяльны рух. Знакі шукалі на сценах будынкаў.

Дотык (рус. касание, прикосновение, осязание). Дотыкі яе цёплыя і лёгкія, бы вясенняга ветру павеў.

Стык (рус. стык). Месца злучэння двух канцоў чаго-н. Падзеі адбываліся на стыку дзвюх эпох.

Белаваты (рус. беловатый). Не зусім белы. Халодныя белаватыя зоркі мігцелі ў начным небе.

Бялявы 1. (рус. беловатый, белёсый). Не зусім белы. 2. (рус. белокурый). Аб чалавеку са светла-русымі, амаль белымі валасамі; з белым, светлым абліччам. Хлопец з бялявай галавой і блакітнымі вачыма хутка згубіўся ў натоўпе.

Ападкі 1. (рус. осадки). Атмасферная вільгаць, што выпадае на зямлю. Сёння абяцалі ападкі ў выглядзе дажджу. 2. То, што і апад у 2-м значэнні.

Апад 1. (рус. опадание, опадение). Дзеянне паводле дзеяслова ападаць — апускацца ўніз, асыпацца. 2. (рус. паданцы, падалица). Плады, якія апалі з дрэў. У садзе пад яблынямі заставаўся толькі апад.

Баранаваць (рус. боронить, бороновать, бороздить). Разрыхляць бараною зямлю. Поле даўно пабаранавалі.

Бараніць (рус. оборонять, защищать). Абараняць ад нападу, адстойваць. Бараніць малога не было каму.

Усплёск (рус. всплеск). Дзеянне, хваля, гук і шум, які яна ўтварае. Рэдкі ўсплёск на рацэ парушаў цішыню.

Воплеск (рус. рукоплескания, аплодисменты). Апладысменты. Артыстаў сустракалі радаснымі воплескамі.

Дубэльт (рус. вторая рама). Абл. Падвойныя рамы. У хаце было цёпла, хаця вокны былі без дубэльтаў.

Дубальтоўка (рус. двустволка). Разм. Двухстволка. Без сваёй старой дубальтоўкі дзед на паляванне не хадзіў.

Вушанка (рус. ушанка). Разм. Шапка з вушамі. Малы вушанку шась на голаў — і за дзверы.

Вушак (рус. дверной косяк, дверная коробка). Бакавы, верхні брус у дзвярах, асада для дзвярэй. Дзверы прыселі так, што вушак чаплялі галавою.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 209 раз Печать