Член Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Іваноускі: “Як думаю — аб тым і пішу” - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Воскресенье, 12 Февраля 2023 16:26

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Іваноускі: “Як думаю — аб тым і пішу”

“Паэт жыве затым, каб Бог ім свет ствараў”, — напісаў адзін сучасны літаратар. І лепш не скажаш. Калі б на людзей на ўсім працягу гісторыі не ўплывала мастацтва, і ў першую чаргу — славеснае, іншымі мы былі бы зараз і інакш выглядаў бы наш сённяшні свет. На маю думку — не лепей, а зусім наадварот. Таму праект, прысвечаны Году міра і стварэння, без паэтаў абысціся не мог. Тым болей, што з гэтай мэтай нават не трэба за сем мораў ехаць. Мы завіталі ў Пачуйкі, дзе жыве Мікалай Іваноўскі. Сапраўдны паэт, аўтар ужо сямі зборнікаў сваіх твораў і незлічонай колькасці падборак вершаў у разнастайных калектыўных зборніках і альманахах, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат преміі імя А. І. Дубко 2022 года за творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва.

— Якія пачуцці ў вас выклікала прысуджэнне прэміі? Гонар, задавальненне сабой, эмоцыі пераможцы, усведамленне пакарэння нейкай вяршыні? — пытаюся. — Вы цяпер нарасхват: газеты, тэлебачанне, запрашэнні ад бібліятэк, школ, клубаў, агульная ўвага і пашана… Той самы салодкі цяжар славы, што столькіх вабіць.

— Не, — задумліва адказвае мой суразмоўца. — Нічога такога не адчуваю. Хутчэй нейкі гнёт, бо так складаецца, што мерапрыемствы ідуць адно за адным, у розных месцах, і трэба ўдзельнічаць. Не магу адмаў­ляць людзям, якія мяне чакаюць, спа­дзяюцца на мяне. Таму змушаны падпарадкоўвацца, хаця найбольш люблю цішыню і спакой і найлепей сябе адчуваю дома.

Мы знаёмы ўжо не першы год і я ведаю, што адказ шчыры. Па-першае, таму што гэты чалавек ніколі не ілжэ, гэта не ў яго натуры. А па-другое, характар у яго такі, што цураецца празмернай мітусні. Калі яшчэ ўлічыць цяжкасці з мясцовай лагістыкай, зразумееш, чаму так не хочацца выбірацца з прытульнай хаты, каб пехатой ці на ровары адолець некалькі кіламетраў да аўтобуснага прыпынку.

Больш за палову свайго жыцця Мікалай Пятровіч правёў у абласным цэнтры, 35 год аддаўшы працы на гродзенскім “Азоце”. Мог бы і цяпер там жыць, бліжэй да дзяцей і ўнукаў, заадно адразу вырашыўшы ўсе транспартныя праблемы. Аднак пасля выхаду на пенсію (даволі ранняга з нагоды дастатковага стажу на “шкоднай” вытворчасці) перабраўся ў родныя Пачуйкі, дзе з гадамі ўсё цяжэй было ўпраўляцца згаспадаркай самотнай маме. А калі яе не стала, у Гродна ўжо не вярнуўся.

— Стамляе мяне горад, усе гэтыя шумы, гудкі, натоўп. Тут спакойна, можна весці такі спосаб жыцця, які табе найбольш адпавядае, займацца сваімі справамі, і ад творчасці нішто не адцягвае.

— А калі вы ўвогуле пачалі пі­саць вершы? Звычайна ўсіх цягне да паэзіі ў юнацтве, калі ўзнікае патрэба выказаць першыя рамантычныя пачуцці, ды так, каб увесь свет аб іх даведаўся.

— Я таксама пачынаў пісаць яшчэ ў дзяцінстве. Праўда, прозу. Паказаў сваю “творчасць” Алесю Мікалаевічу Белакозу. Зазначу, што вучыўся я ў Гудзевіцкай школе, дзе наш знакаміты педагог і краязнаўца быў дырэктарам музея. З тых часоў, дарэчы, і мове беларускай захоўваю вернасць. А ён, прачытаўшы, сказаў: “Трэба пісаць і друкавацца”. Але ўсур’ёз я пачаў гэта рабіць толькі ў сталым узросце, пасля смерці брата Дзімы. Боль, смутак перапаўнялі, трэба было неяк выліць свае пачуцці. Паэзія ратавала.

Таму і першую кніжку — “Нашчад­кі роду Іваноўскіх”, перапляценне прозы, вершаў, успамінаў землякоў і рэпрадукцый карцін мастака Дзмітрыя Іваноўскага, Мікалай Пятровіч прысвяціў любімаму брату. Некалькі яго карцін, што не трапілі на замежныя выставы і ў прыватныя калекцыі, аздабляюць сцены бацькоўскай хаты. Хата у літаральным сэнсе слова баць­коўская — і пабудавана, і ўсё ў ёй зроблена працавітымі рукамі ўмелага вясковага сталяра Пятра Мiкалаевiча Іваноўскага. 

048 (2)

…Прыйшоў на падворак

 бацькоўскае хаты.

Камок падкаціў пад кадык.

Вітае раўнютка штыкетнік — салдаты,

Паўсюдна бацькоў тут сляды.

Вадзіцаю студня мне смагу спатоліць,

А яблык — то вёсачкі пах.

Бацькоўскія рукі — маршчынак даволі,

Сабраў успамін родны дах.

А хатка прытуліць, абдыме з дарогі,

Пасцель убаюкае сном.

Бацькоўскае хаткі акенцы, парогі —

Жыві, майго прозвішча дом…

 

Працытаваныя радкі — з верша “Дарога дахаты”, які ўвайшоў у новы зборнік Іваноўскага “Суквецце любові”, менавіта за гэтую кнігу аўтар атрымаў прэмію імя Дубко. Шмат у Мікалая Пятровіча вершаў пра родную вёску, пра каханне, пра найпрыгажэйшую ў свеце для яго беларускую прыроду, пра неацэнныя ўспаміны з дзяцінства — поўных лірызму, захап­лення, светлага суму і ўдзячнасці за тое, што ўсё гэта існуе і было падорана лёсам. Аднак у апошнія гады ўсё часцей яго паэзія афарбоўваецца грамадзянскім зместам, выказам уласнай пазіцыі адносна сучасных падзей і недаўгавечных духоўных прыярытэтаў, якія не ў стане замяніць нам традыцыйныя і спраўджаныя продкамі. Калі паэт на самой справе — ін­струмент Бога для тварэння свету, то вершы Іваноўскага прызначаны для ўстанаўлення ў гэтым свеце згоды, мірнага суіснавання краін і народаў, узаемнай пашаны і агульнага шчасця.

Уразумі ім памяць, Божа,

Хто прагне смерці і вайны,

Бо на зямельцы жыць трывожна:

Агонь, атрута, кайданы.

Уразумі ім памяць, Любы, —

Хто страціў розум, чыніць здзек,

Бо зброя нас вядзе да згубы:

Няма ні сховішчаў, ні лек.

Уразумі іх, Усявышні,

Душу адмыць ім памажы.

Вярні     туды — у  час калішні —

Ці пекла ўсім ім пакажы.

 

Уразумі іх, мой Вяльможны,

Ад бойкі злой уціхамір.

Няхай схаваюць меч у ножны.

Заўжды патрэбны Свету мір.

Гэта таксама з “Суквецця любові”. Сваёй грамадзянскай пазіцыі паэт не хавае і ў прыватнай размове:

— Не люблю, калі мне спрабуюць навязаць нейкія акрэсленыя, далёкія ад маіх уласных, погляды. Мой дзед адстойваў чырвоны сцяг, вёў барацьбу за незалежнасць роднай краіны, за што пры польскіх уладах у турме сядзеў разам з Прытыцкім. Брату больш адпавядаў іншы сцяг. І што: я павінен у адну руку браць такі сцяг, а ў другую — такі? Не, я лепей буду трымацца нашай беларускай мовы, якой вучыў мяне Алесь Белакоз, буду на ёй пісаць, і не чапляйцеся да мяне па ўсякіх палітычных пытаннях.

048 (3)

— Але ж паэт не можа быць па-за палітыкай. І ў вашых вершах яе шмат. Вы пішаце пра амерыканскую агрэсію, пра несуседскія паводзіны некалі брацкіх краін, пра наша адзінства і падтрымку Расіі — гэта ж усё чыстая палітыка.

— Так, я разумею гэта. Аднак не выказаць сваёй думкі, не падтрымаць тое, што павінен, не даць слова ўласнаму “я” — немагчыма. Галоўнае, каб выказвацца шчыра. Я ўжо не раз упэўніваўся: калі пішаш праўду, і яна кранае за сэрца — гэта так і павінна быць. І тады цябе паважаюць людзі, і самому за сябе не сорамна. Розныя тэмы кранаюць, як думаю — аб тым і пішу. Заўсёды пад рукою лісточак паперы і аловак, здараецца, адзін удалы радочак прыйдзе, а ўжо потым вакол яго спляцецца верш.

Прыродная інтэлігентнасць і сціп­ласць кажуць паэту скептычна адносіцца да пахвал. Яго больш цікавяць крытычныя заўвагі, бо заахвоч­ваюць да мыслення. Таму, калі збіраюцца сябры, хуткія менавіта на пахвалы, Мікалай Пятровіч стараецца перавесці размову на якую-небудзь іншую тэму. Улюбёная — пчалярства. Вось пра пчолак — сваё сапраўднае хоббі і галоўны апрача пісання вершаў занятак — наш паэт гатовы гутарыць бясконца. Рады захаваных ад марозаў вулляў у садзе сведчаць, што гаспадар клапоціцца аб сваёй хатняй “жывёле” старанна, з веданнем справы і з сапраўднай любоўю да “чароўнай Бога істоты”, як ён напісаў у адным з вершаў.

У пакоі, адведзеным пад кабінет, стаіць камп’ютар. На жаль, Інтэрнэт у Пачуйкі, дзе жывуць пятнаццать чалавек, “Белтэлекам” праводзіць адмаўляецца. Пэўна, нерэнтабельна, только клопат лішні. Століка каля сцяны не відаць з-пад стосікаў кніг і часопісаў. Гэта выданні, у якіх друкаваліся творы Мікалая Іваноўскага. Бяру ў рукі адзін з нумароў саліднага альманаха, што выходзіць у Мінску — “Літаратурны экватар”. Абы каго ў ім не друкуюць. А наш Мікалай Пятровіч з’яўляецца на яго старонках рэгулярна. Ёсць тут і зборнікі, выдадзеныя Гродзенскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў, і сабраныя пад каляровымі вокладкамі тэматычныя літаратурныя праекты, і літаратурныя часопісы…  Гледзячы на гэтую культурную скарбніцу, міжвольна нагадала пэўны прыкры выпадак, які не паспрыяў жаданню паэта “несці ў масы” сваё мастацтва. Менавіта, перад самым Новым годам у адной з устаноў раёна ад яго запатрабавалі аплаціць арэнду зала, дзе ён збіраўся пачытаць працаўнікам і, скажам так, гасцям гэтай установы свае вершы. Іваноўскі, які яшчэ ні гроша не зарабіў сваімі выступленнямі, наадварот, нават дабіраецца паўсюль, куды запросяць, за ўласны кошт, шчыра здзівіўся. Нават патэлефанаваў да мяне — ці сапраўды трэба плаціць? Што тут можна было адказаць? У кожнай установе свае правілы, прымаць паэтаў яны абавязку не маюць. Аднак такі камерцыйны падыход да беларускай паэзіі і мяне засмуціў. Купалы з Коласам на іх няма! Можа, цяпер, пасля прысуджэння Мікалаю Іваноўскаму прэстыжнай узнагароды, ім хоць крыху няёмка стане? Або па­шкадуюць, што такую магчымасць упусцілі — сустрэцца са знакамітым паэтам і паслухаць яго вершы з вуснаў аўтара?

На развітанне Мікалай Пятровіч дорыць мне свой новы зборнік — як і папярэднія, прыгожа аформлены, абавязкова ў цвёрдай вокладцы, старонкі аздобленыя беларускім арнаментам. Каб кранула беларускасць нашу, тлумачыць аўтар. А я прызнаюся, што адну з яго кніжак перадарыла. Напісаныя для дзяцей “Загадкі на ўсе выпадкі” аддала знаёмай, у якой аж сем унукаў рознага ўзросту. У гэтай сям’і ўсе любяць чытаць і дзяцей прывучаюць. Такім чынам кніжка не будзе стаяць на паліцы ў якасці сувеніра, а будзе абавязкова запатрабавана новымі падрастаючымі чытачамі. А гэта значыць — будзе жыць, раскрываючы дзецям цудоўнасць навакольнага свету і ўсю чароўнасць роднай мовы. Так быць павінна — і паэт на мяне не пакрыўдзіўся.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 895 раз Печать