Рубрыка “Слова пра мову”. Адвячорак - падвячорак, блудзіць - блукаць, дзівосны - дзіўны. Адчуй розніцу! - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Суббота, 09 Июля 2022 16:34

Рубрыка “Слова пра мову”. Адвячорак - падвячорак, блудзіць - блукаць, дзівосны - дзіўны. Адчуй розніцу!

У нашай краіне мірна ўжываюцца побач не толькі прадстаўнікі розных нацыянальнасцей і веравызнання. У дружбе суісну­юць рэлігійныя святы і язычніцкія абрады. Прыкладам таму можа служыць любімае многімі беларусамі свята Купалле.

Ад позняга адвячорка (ці надвячорка? ці падвячорка?) да ранняга золаку (ці золі?) шугае ў неба полымя купальскага вогнішча (ці агню?), асвятляючы таемныя сцежкі-дарожкі ўсім, хто блукае (ці блудзіць?) у пошуках дзівоснай (ці дзіўнай?) папараць-кветкі, што абяцае шчасце кожнаму, хто ўвачавідкі (ці ўваччу?) убы­чыць, як расцвітае яна ў купальскую ноч.

Адчуй розніцу

Адвячорак (рус. предвечерье). Перадвячэрні час. Быў зімовы адвячорак. Круціла мяцеліца. З. Бядуля.

Падвячорак (рус. полдник). Лёгкая перакуска паміж абедам і вячэрай. Дзякуй вам за падвячорак! Я. Колас.

Золак (рус. рассвет, заря). Пачатак світання. Змяняе золак цемру ночы. К. Крапіва.

Золь (рус. сырость, слякоть). Сырое, пранізлівае халоднае надвор’е. Зламаная рука і ключыца ў такую золь кожны раз круцяць. У. Караткевіч.

Агонь (рус. огонь). Падпаленая куча дроў, ламачча; вогнішча. А за сялом ля жыта агні гараць купальскія. П. Панчанка.

Вогнішча (рус. костер). Распаленая куча ламачча, дроў; агонь. Тут нехта з трэсак вогнішча расклаў. М. Танк.

Блудзіць (рус. блуждать, плутать). Хадзіць у пошуках дарогі. Вандраваць у пошуках чаго-небудзь. Разм. Распуснічаць (рус. блудить). Хто пытае, той не блудзіць. Прыказка.

Блукаць (рус. бродить). Бязмэтна хадзіць, гуляць. Пераходзіць, пераязджаць з месца на месца ў пошуках чаго-небудзь. Перан. Пераходзіць з аднаго прадмета на другі (пра погляд, вочы, думкі). (рус. блуждать). Цэлы дзень ён блукаў па горадзе. М. Стральцоў.

Дзівосны Незвычайны, казачна-дзіўны (рус. чудесный, необыкновенный, сказочный). Цудоўны, незвычайны (рус. изумительный, поразительный, дивный, странный). І сабрала неба фарбы колераў дзівосных. Я. Колас.

Дзіўны Які выклікае здзіў­ленне, незвычайны, нябачны (рус. странный, удивительный, необычный, невиданный). Чароўны, дзівосны. (рус. удивительный, чудесный, неповторимый). І вось тут здарылася дзіўная, незразумелая рэч. У. Караткевіч.

Увачавідкі (рус. воочию). Сваими вачыма; асабіста; наглядна. У гэтым я неўзабаве пераканаўся ўвачавідкі. В. Вольскі.

Уваччу (рус. в глаза). У вачах. Плылі ўваччу чужыя далі, кружыліся рака, шаша. П. Прыходзька.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 404 раз Печать