Рубрыка “Слова пра мову”. Адлік - адлічванне, засек - адсек, цешыцца - пацяшацца. Адчуй розніцу! - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Суббота, 14 Января 2023 17:10

Рубрыка “Слова пра мову”. Адлік - адлічванне, засек - адсек, цешыцца - пацяшацца. Адчуй розніцу!

Кажуць, студзень зямлю студзіць. Калі ж цёплы ён на лік — дык завідны сакавік. Студзень пагодны — год будзе плодны. Калі ў студзені мяце, значыць, у ліпені залье. А калі дажджы — дабра не жджы…

Пачаў студзень свой адлік (ці адлічванне?). Ды смак (ці прысмак?) мае не сцюдзёны. Слабаваты студзень пакуль што вартаўнік (ці вартавы?) для ўраджаю. Мінулагодні, што ў засеках (ці адсеках?) зімуе, студзеньскай цеплынёй, вядома, цешыцца (ці пацяшаецца?). А вось будучаму ўраджаю з марозам і без снегу наканавана быць благім (ці паблажлівым?). Гадай не гадай (ці нагадвай?), а снег на Вадохрышча заклікай.

АДЧУЙ РОЗНІЦУ

Адлік (рус. отсчёт). Дзеянне паводле значэння дзеяслова “адлічыць”. Адлік гадоў (часу). Адлік слаўных гадоў вядзём ад Перамогі.

Адлічванне (рус. отсчитывание). 1. Адлічванне грошай, авансу, задатку. 2. Звальненне з пасады. 3. Выключэнне з установы. Выплата была своечасовай з адлічваннем задатку.

Смак (рус. вкус). Адчуванне, якое ўзнікае ў выніку раздражнення слізістай абалонкі. Перан. Задавальненне, ахвота. Яблыкі былі невялічкія, чырвоныя, духмяныя, кісла-салодкія на смак.

Прысмак (рус. привкус). Дадатковы, пабочны смак. Перан. Адбітак, адценне. Свежа звараная бульба мела салодкі прысмак.

Вартаўнік (рус. сторож, охранник). Чалавек, які ахоўвае што-небудзь. Вартаўнік на складзе быў суровы і нават уначы ні хвіліны не драмаў.

Вартавы (рус. часовой, караульный, страж). Выгляд вартавыя мелі строгі.

Засек (рус. закром). Адгароджанае месца ў свірне, куды ссыпаюць збожжа, муку. Пустыя засекі не цешаць вока.

Адсек (рус. отсек). Спец. Ізаляванае аддзяленне (карабля, самалёта), памяшканне спецыяльнага назначэння. У адсеках пачала прыбываць вада.

Цешыцца (рус. радоваться, тешиться). 1. Пацяшацца, забаўляцца. 2. Мець асалоду, задавальненне ад чаго-небудзь. 3. Суцяшаць, абнадзейваць сябе. Бабуля гадзінамі цешылася з малога.

Пацяшацца (рус. радоваться, веселиться). 1. Забаўляцца, весяліцца. 2. Здзекавацца, смяяцца, кпіць (рус. злорадствовать). Толькі лянівы не пацяшаўся над ім.

Благі (рус. плохой,  скверный). 1. Які адмоўна ацэньваецца, дрэнны. 2. Нездаровы, хваравіты (рус. нездоровый, болезненный). Чалавек ён быў благі, зласлівы, сквапны.

Паблажлівы (рус. покровительственный, снисходительный). Нястрогі, памяркоўны, спагадлівы. Толькі ў адносінах да дзяцей бацька быў паблажлівы.

Гадаць (рус. гадать, ворожить). 1. Варажыць, прадказваць. 2. Выказваць здагадкі (рус. предполагать, гадать). Гадалі дзяўчаты не толькі на Раство, але і на Вадохрышча.

Нагадваць (рус. напоминать). Прывесці на памяць, звярнуць увагу. Сын нагадваў яго самаго ў далёкім юнацтве.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 276 раз Печать