Рубрыка “Слова пра мову”. Брыда - набрыдзь, віток - вітка, вольна - павольна. Адчуй розніцу! - Новости Волковыска и района, газета "Наш час"

Электронная подписка на газету Наш час

Воскресенье, 05 Февраля 2023 17:25

Рубрыка “Слова пра мову”. Брыда - набрыдзь, віток - вітка, вольна - павольна. Адчуй розніцу!

Саступіў студзень лютаму дарогу. Запытае люты, ці добра абуты. Бо апошнія мяцелі патрэба, каб у лютым адгудзелі. А як у лютым адгукнецца — так у жніўні адзавецца.

Эх, не зіма сёлета — брыда (ці набрыдзь?) адна. Месяц люты — апошні віток (ці вітка?) зімы. Можа, хоць гэты месяц, нарэшце, абУрыцца (ці абурЫцца?) ды сапраўды лютаваць, як трэба, пачне. Няхай бы вольна (ці павольна?) сыпаў снегам, круціў мяцеліцай ды каваў марозам пан (ці васпан?) люты. Каб асмужанай (ці асмуглай?) раніцы надаць жыцця сапраўдным подыхам (ці дыхам?) зімы.

 

Адчуй розніцу

Брыда (рус. дрянь, мразь; пакосник, пакостница). Разм., пагардл. Непрыемнае, брыдкае, агіднае; дрэнь. На дварэ каторы дзень дождж не сціхае, крэкаць і брыда адна.

Набрыдзь (рус. сброд). Абл., пагардл. Зброд. Гнаць гэтую набрыдзь, каб і духу не было.

 

Віток (рус. виток). 1. Адзін абарот спіралі. 2. Поўны абарот вакол чаго-н. Поўны віток вакол Сонца Зямля робіць за 365 дзён.

Вітка (рус. жгут из прутьев). Скручаны лазовы або бярозавы дубец, якім прывязваюць, прымацоўваюць што-н. Бацька віткаю спраўна прымацаваў паклажу на возе.

 

АбУрыцца (рус. возмутиться, вознегодовать). Стаць абураным, разгневацца. Настаўнікі на наша свавольства дужа абУрыліся.

АбурЫцца (рус. обрушиься, обвалиться). Разм. Абрушыцца, абваліцца. Сцяна, што засталася пасля пажару, пагражала абурЫцца.

 

Вольна (рус. свободно, непринужденно, развязно). 1. Свабодна, незалежна, бесцырымонна, развязна. 2. Каманда трымацца ў страі свабодна. На канікулах дзеці пачувалі сябе вольна.

Павольна (рус. медленно, неторопливо). Марудна, няспешна. На заняткі ішоў няспешна, павольна, быццам не хочучы.

 

Пан (рус. господин, барин, пан). 1. Асоба, якая належыць да прывілеяваных, карыстаецца ўладай, валодае маёнткам. 2. Форма ветлівага звароту. Пан любіў бываць з аглядам у сваіх валоданнях.

Васпан (рус. сударь, милостивый государь). Уст. Форма пачцівага звароту: ваша міласць. Дазвольце, васпане, паказаць вам прысады.

 

Асмужаны (рус. туманный, мглистый). 1. Туманны, імглісты. 2. Абпалены сонцам, абветраны, загарэлы (рус. опалённый солнцем, обветренный). Дзень сустракаў нас раніцай асмужанай.

Асмуглы (рус. смуглый, загорелый). 1. Смуглы, абветраны, загарэлы. 2. Туманны, імглісты (рус. туманный, мглистый). Хлапчына быў невысокі, хударлявы, з кучаравай галавой і асмуглым тварам.

Оперативные и актуальные новости Волковыска и района в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!


Правила использования материалов "Наш час" читайте здесь.

Прочитано 370 раз Печать